cацыяльныя сеткі:

RSS:

App:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

АБ НАС

+
Што такое Ватыканскае радыё?

Згодна са Статутам, Ватыканскае радыё — гэта радыёстанцыя Апостальскай Сталіцы з сядзібай у горадзе-дзяржаве Ватыкан, якая з’яўляецца прыладай камунікацыі і евангелізацыі на службе Намесніку св. Пятра. Радыё было заснавана Гульельмам Марконі і ўрачыста адкрыта Піем ХІ (Радыёпасланне “Qui arcano Dei”) 12 лютага 1931 г.

Галоўнай мэтай Ватыканскага радыё з’яўляецца свабоднае, вернае і эфектыўнае абвяшчэнне хрысціянскага паслання і злучэнне цэнтра каталіцтва з рознымі краінамі свету:

  • праз перадаванне голасу і навучання Рымскага Пантыфіка;
  • інфармуючы аб дзейнасці Апостальскай Сталіцы;
  • расказваючы аб жыцці і дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў свеце;
  • натхняючы вернікаў ацэнваць сучасныя праблемы ў святле навучання Касцёла.

Акрамя таго Ватыканскае радыё забяспечвае супрацоўніцтва і дапамогу дыяцэзіям і Канферэнцыям Біскупаў у сферы радыёвяшчання.
Адным з галоўных заданняў Ватыканскага радыё з’яўляецца запіс, перадача і распаўсюджванне гуку з усіх афіцыйных мерапрыемстваў з удзелам Святога Айца ў Ватыкане, а таксама абарона права на інтэлектуальную ўласнасць адносна запісу голасу Рымскіх Пантыфікаў.

Генеральным дырэктарам Ватыканскага радыё з 5 лістапада 2005 г. з’яўляецца кс. Фэдэрыко Ламбардзі SJ.

+
Супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі

Ватыканскае радыё з’яўляецца актыўным членам і заснавальнікам Еўрапейскага радыёвяшчальнага саюза (EBU) і членам Афрыканскага радыёвяшчальнага саюза (UAR). Акрамя таго радыё з’яўляецца членам Сусветнай Каталіцкай Асацыяцыі для камунікацыі (SIGNIS), Еўрапейскай Канферэнцыі хрысціянскіх радыё (CERC) и Радыётэлевізійнай італьянамоўнай супольнасці.

У радыёвяшчальным сектары Ватыканскае радыё прадстаўляе Апостальскую Сталіцу і горад-дзяржаву Ватыкан пры Міжнародным аб’яднанні тэлекамунікацый (UIT), Еўрапейскай камісіі адміністрацый, поштаў і тэлекамунікацый (CEPT) і Міжнароднай арганізацыі спадарожнікавых тэлекамунікацый (ITSO).

+
Трансляцыя праграм

Ватыканскае радыё перадае свае праграмы на міжнародным узроўні на 45 выкарыстоўваючы наступныя тэхнічныя сродкі:

Інтэрнэт:
www.radiovaticana.va

спадарожнікі:
Eutelsat Hot Bird 13° E [Europa]
Intelsat AOR [Atlantico] – IS 801 – 328,5°E
Intelsat IOR [India] – IS 904 – 60°E

радыёхвалі:
FM
сярэдняга і кароткага дыяпазонаў

Як FM, так і сярэднія, і кароткія хвалі могуць быць анагалавымі і лічбавымі. Для лічбавай перадачы выкарыстоўваюцца тэхналогіі DAB.

+
Ватыканскае радыё: радыё для радыёстанцый

Праграмы Ватыканскага радыё, якое працуе на 45 мовах, уключаюць у свой эфір іншыя радыёстанцыі, што вяшчаюць на пяці кантынентах. Гэта адбываецца са згоды Генеральнай дырэкцыі і з’яўляецца часткай доўгай традыцыі служэння і тэхнічнай дапамогі, якую Ватыканскае радыё аказвае іншым радыёстанцыям (публічным, мясцовым, каталіцкім і інш.). Ватыканскае радыё перадае аўдыёсігнал (з каментарыямі на нацыянальных мовах і без іх) з нагоды аўдыенцый Святога Айца, нядзельнай малітвы “Анёл Панскі”, папскіх цырымоній і важных падзей, якія адбываюцца ў Ватыкане.

Аддзел міжнародных адносін падтрымлівае падобнае супрацоўніцтва, якое ўключае, між іншым, абмен тэхнічнай і рэдакцыйнай дапамогай карэспандэнтам, накіраваным для выканання спецыяльных заданняў за мяжой, а таксама міжнародны абмен радыёпраграмамі рознага тыпу: рэлігійнымі, культурнымі, музычнымі і інш.

радыё для радыёстанцый ...»

For further contacts: International Relations Office.

+
Хто рэтрансліруе праграмы Ватыканскага радыё?

Ватыканскае радыё перадае свае праграмы на пяць кантынентаў не толькі непасрэдна, але і ў эфіры шматлікіх радыёстанцый (у 2007 г. іх было каля 1000). Папскае радыё падпісала кантракты на перадачу сваіх праграм з нацыянальнымі і некаторымі камерцыйнымі радыёстанцыямі, аднак, большая частка радыёстанцый, якія перадаюць праграмы Ватыканскага радыё, з’яўляюцца каталіцкімі ці рэлігійнымі. Гэтыя радыёстанцыі дзейнічаюць як асобныя СМІ або як частка сетак. Дзякуючы важнаму ўкладу гэтых радыёстанцый, праграмы Ватыканскага радыё можна пачуць ва ўсіх краінах свету.

Радыёстанцыі, якія перадаюць праграмы Ватыканскага радыё на аснове дамоўленасці з Генеральнай дырэкцыяй Папскай радыёстанцыі, знаходзяцца ў наступных краінах:

Еўропа: Албанія, Аўстрыя, Балгарыя, Боснія і Герцагавіна, Венгрыя, Германія, Італія, Іспанія, Косава, Латвія, Літва, Мальта, Польшча, Партугалія, Расія, Румынія, Сербія, Славакія, Славенія, Украіна, Фінляндыя, Францыя, Чэхіяa.

Афрыка:Ангола, Бенін, Габон, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Гвінея-Бісаў, Замбія, Камерун, Каба-Вэрдэ, Кенія, Кот д’Івуар, Мадагаскар, Мазамбік, Малі, Намібія, Рэюньён, Судан, Тога, Уганда, Цэнтральна-афрыканская Рэспубліка, Чад, Южна-афрыканская Рэспубліка.

Амерыка: Аргентына, Балівія, Бразілія, Венесуэла, Гаіці, Гандурас, Гватэмала, Дамініканская Рэспубліка, ЗША, Канада, Калумбія, Коста-Рыка, Мексіка, Нікарагуа, Панама, Парагвай, Перу, Пуэрта-Рыка, Сальвадор, Уругвай, Чылі, Эквадор.

Азія і Акіянія: Аўстралія, Ліван, Папуа-Новая Гвінея, Філіпіны, Французская Палінэзія, Японія.

+
Як рэтрансліраваць нашы праграмы

Ватыканскае радыё прапануе іншым радыёстанцыям шэраг паслуг, з якімі можна пазнаёміцца ў спецыяльным раздзеле на сайце Радыё для радыёстанцый (R4R). Існуе магчымасць перадаваць праграмы Ватыканскага радыё згодна з ніжэйпрыведзенымі ўмовамі.

Перадача праграм Ватыканскага радыё можа адбывацца са згоды Генеральнай дырэкцыі – Аддзела міжнародных адносін. Радыёстанцыі, зацікаўленыя ў перадачы праграм Ватыканскага радыё павінны даслаць адпаведную замову на электронны адрас: relint@vatiradio.va або на факс + 39 06 6988 3237 ( Д-р. Джакомо Гісані, кіраўнік Аддзела міжнародных адносін, тэл. + 39 06 69883945). У адказ на замову радыёстанцыі адтрымліваюць стандартны кантракт, які павінен быць падпісаны для падцвярджэння дамовы з Ватыканскім радыё.

Ватыканскае радыё працуе без прыбытку, бо з’яўляецца прыладай евангелізацыі і камунікацыі на службе Слову і Намесніку св. Пятра; таму яно імкнецца зрабіць свае праграмы даступнымі, не прыносячы фінансавых расходаў каталіцкім радыё. Аднак, улічваючы тое, што вытворчасць праграм патрабуе значных эканамічных расходаў для Апостальскай Сталіцы, у некаторых выпадках можа быць запатрабавана пэўная прапарцыянальная плата.

Тэхнічныя сродкі, неабходныя для перадачы праграм Ватыканскага радыё:

Інтэрнэт “Прафесійны сэрвіс”: Амаль усе праграмы Ватыканскага радыё даступныя ў раздзеле “Прафесійны сэрвіс” на сайце www.vaticanradio.org/R4R , які быў створаны спецыяльна для радыёстанцый, якія жадаюць перадаваць праграмы Ватыканскага радыё. Аўдыёфайлы праграм Ватыканскага радыё маюць высокую якасць і зроблены прафесійнымі супрацоўнікамі. У раздзеле для радыёстанцый можна азнаёміцца са спісам усіх праграм, даступных у Інтэрнэце, а таксама на сэрверах, з якіх можна іх спампаваць. Для карыстання “Прафесійным сэрвісам” неабходны пароль, які можна атрымаць у Службе інфарматыкі Ватыканскага радыё пасля падпісання кантракта на перадачу.

Для перадачы нашых праграм падыходзяць наступныя спадарожнікі:
Eutelsat Hot Bird 13° E [Europa]
Bouquet RAI Intelsat AOR [Atlantico] – IS 801 – 328,5 °E
Intelsat IOR [India] – IS 904 – 60° E

+
Спецыяльныя трансляцыі

Акрамя штодзённых праграм на розных мовах Ватыканскае радыё транслюе ўсе Папскія цэлебрацыі, якія праходзяць на тэрыторыі Ватыкана і па-за яго межамі, а таксама іншыя важныя ватыканскія падзеі. Спецыяльныя трансляцыі (г.зн. не толькі ўключаныя ў звычайны графік Ватыканскага радыё) даступныя таксама для трансляцыі іншымі радыёстанцыямі. Тыя з іх, што зацікаўлены такой паслугай, могуць выбраць або прамую трансляцыю, або скарот з каментарыем, падрыхтаваны Ватыканскім радыё на розных мовах. Каментарыі найважнейшых падзей даступны звычайна на англійскай, французскай, нямецкай, партугальскай і іспанскай мовах (часам таксама на арабскай і кітайскай). Каментарыі прадастаўляюцца таксама для тэлевізійных станцый, якія перадаюць праграмы, падрыхтаваныя Ватыканскім тэлевізійным цэнтрам.

Трансляцыю падзей з/без каментарыя зацікаўленыя радыёстанцыі могуць атрымаць праз спадарожнік ці праз лінію ISDN, г.зн. лічбавую тэлефонную сувязь, якая выкарыстоўваецца з гэтай мэтай радыё і тэлебачаннем.

Многія лаціна-амерыканскія радыёстанцыі атрымліваюць спецыяльныя паведамленні аб асобных трансляцыях Ватыканскага радыё ад Аддзела міжнародных адносін. Калі вы таксама жадаеце атрымліваць такія паведамленні, можаце адправіць спецыяльны запыт на электронны адрас: relint@vatiradio.va.

Для тых, хто жадае прымаць трансляцыі праз ISDN, неабходна адправіць запыт на той жа адрас электроннай пошты, каб атрымаць неабходны нумар ISDN.

+
Тэхнічная падтрымка

Ватыканскае радыё дае магчымасць выкарыстоўваць свае студыі каталіцкім радыёстанцыям, якія жадаюць рабіць запіс інтэрв’ю, праграм і г.д. Студыі даступныя згодна з магчымасцямі Ватыканскага радыё і ў асаблівых выпадках. За іх выкарыстанне можа брацца аплата.

+
Аддзел для Лацінскай Амерыкі

Дзейнічае аддзел, які займаецца распаўсюджваннем праграм Ватыканскага радыё ў Лацінскай Амерыцы. Сярод абавязкаў гэтага аддзела — падтрыманне сувязі паміж Папскім радыё і лаціна-амерыканскімі радыёстанцыямі. Аддзел выконвае сваю місію розным чынам, напрыклад, праз праграмы пад назвай “Cadena de Amistad”, якую непасрэдна падтрымліваюць лаціна-амерыканскія каталіцкія радыёстанцыі, прадастаўляючы свае праграмы і ідэі.

На сайце Ватыканскага радыё ў раздзеле “Для радыёстанцый” даступны некаторыя файлы праграм, падрыхтаваных для каталіцкіх лаціна-амерыканскіх радыёстанцый. Супрацоўнікі гэтага аддзела кожны год наведваюць краіны Лацінскай Амерыкі, каб асабіста сустрэцца з прадстаўнікамі мясцовых каталіцкіх радыёстанцый.

Каб атрымаць больш інфармацыі, запрашаем звяртацца да кс.
Гуільельмо Арціза SJ:
тэл. +39 06 6988 4804
факс. +39 06 6988 3237
latam@vatiradio.va .

For further information and requirements, you may address yourselves directly to us. We will be glad to assist you.

The Team of International Relations of Vatican Radio.

General Direction of Vatican Radio
International Relations Dept.
V-00120 Vatican City State
Tel. +39 06 698 83945
Fax +39 06 698 83237
relint@vatiradio.va

+
Гісторыя Ватыканскага радыё

Marconi alla RadioПасля падпісання Латэранскіх пагадненняў у 1929 г. папа Пій ХІ звярнуўся да Гульельма Марконі з просьбай пабудаваць радыёстанцыю на тэрыторыі новай дзяржавы Ватыкан, каб можна было свабодна, нягледзячы на існуючыя межы, перадаваць пасланне католікам ва ўсім свеце, нават у таталітарныя краіны, дзе адбываўся пераслед Каталіцкага Касцёла. Папа запрасіў кіраваць новай радыёстанцыяй езуіта кс. Джузэппэ Джанфранчэскіні, фізіка і матэматыка. 12 лютага 1931 г. Пій ХІ урачыста адкрыў Ватыканскае радыё, скіраваўшы на лацінскай мове кароткае прывітанне да людзей усяго свету.

У першых эксперыментальных перадачах, якія называліся “Scientiarum Nuncius Radiophonicus”, расказавалася аб дзейнасці Папскай Акадэміі Навук. Праз два гады пасля адкрыцця Ватыканскае радыё пачало вяшчанне на ультракароткіх хвалях.

Papa Pio XI alla Radio Vaticana9 лютага 1939 г. памёр Пій ХІ і Радыё на 9 мовах распавядала аб канклаве і абранні Пія ХІІ. Новыя студыі і памяшканні размяшчаліся ў палацы Льва ХІІІ, які да 1936 г. з’яўляўся сядзібай Ватыканскага радыё.

У верасні 1939 г., калі пачалася ІІ Сусветная вайна, радыё з’яўлялася каштоўным сродкам свабоднай інфармацыі, нягледзячы на цэнзуру і некаторы пераслед з боку фашысцкіх уладаў. У той час на радыё працавалі айцы езуіты, якія рабілі праграмы на 9 мовах.

У студзені 1940 г. быў створаны аддзел інфармацыі, які трансліраваў пасланні і такім чынам дапамагаў адшукваць грамадзян ці вайскоўцаў, якія зніклі падчас вайны. Радыё перадавала пасланні палонным і іх сем’ям: з 1940 г. па 1946 г. было агучана 1 240 728 пасланняў, што заняло прыкладна 12 105 гадзін эфіру.

Калі закончылася ІІ Сусветная вайна і ў краінах Усходняй Еўропы ўзніклі камуністычныя рэжымы, радыё пачало перадаваць праграмы на мовах народаў, якія пакутавалі ад пераследу Касцёла, адсутнасці свабоды і справядлівасці. Каб здзяйсняць трансляцыі на тэрыторыі гэтых краін, Ватыканскае радыё устанавіла мацнейшыя радыёперадатчыкі і антэны.

У 1954 г. пачалося будаўніцтва Цэнтра радыёперадач у Санта-Марыя дэ Галерыя, які быў адкрыты 27 кастрычніка 1957 г. Піем ХІІ. Пачалося вяшчанне і на іншыя кантыненты: Афрыку, Азію і Лацінскую Амерыку.

У 1958 г., праз год пасля абрання на Пасад св. Пятра Яна ХХІІІ, у былым будынку музея св. Пятра, былі ўстаноўлены новыя студыі і памяшканні для рэдакцый. Падчас прац Другога Ватыканскага Сабору, радыё здзейсніла каля 3 тыс. гадзін трансляцый на 30 мовах.

У 1964 г. падчас апостальскага падарожжа Паўла VI у Святую Зямлю радыё пачало трансляцыі з папскіх пілігрымак. Павел VI вельмі спрычыніўся да павелічэння колькасці праграм і якасці вяшчання. Менавіта пры ім радыё пераехала ў вялікі палац Пія, што знаходзіцца на вуліцы Кончыльяц’ёнэ, дзе радыё працуе да сённяшняга дня.

Павел VI пачаў здзяйсняць першыя ў гісторыі далёкія Апостальскія падарожжы. Так Ватыканскае радыё стала пастаянным спадарожнікам Папы, пашыраючы свае далягляды і развіваючы міжнародныя адносіны.

29 студзеня 1970 г. кардынал Дзяржсакратар Вілот урачыста адкрыў новую сядзібу радыё ў палацы Пія. У той час яно вяшчала 19-20 гадзін у суткі на 32 мовах, а таксама мела набор перадатчыкаў магутнасцю 1000 kW. Колькасць супрацоўнікаў у той час дасягнула 260 чалавек з 38 краін.

У 1978 г., пасля кароткага Пантыфікату Яна Паўла І, быў абраны Ян Павел ІІ, які ў хуткім часе наведаў сядзібу радыё. Ян Павел ІІ кожную першую суботу месяца маліўся на ружанцы ў прамым эфіры, каб духоўна з’яднацца з вернікамі усяго свету. Разам са Святым Айцом калектыў радыё святкаваў 60-годдзе свайго заснавання.

Новыя магчымасці, якія з’явіліся дзякуючы сучасным тэхналогіям, прывялі да хуткіх перамен. У 1990 г. радыё пачало ажыццяўляць трансляцыі праз спадарожнік і Інтэрнэт, адбыўся хуткі пераход ад аналагавага да лічбавага радыё, з’явіўся FM фармат для вяшчання ў Рыме, павялічыліся магчымасці для супрацоўніцтва з іншымі радыёстанцыямі ва ўсім свеце.

3 сакавіка 2006 г. з нагоды святкавання 75-годдзя Ватыканскага радыё яго сядзібу ў палацы Пія наведаў Бэнэдыкт XVI.

Ватыканскае радыё выкарыстоўвае аналагавую і лічбавую сістэмы вяшчання, а таксама размяшчае свае навіны, аўдыё і відэа-матэрыялы на вэб-сайце. У 2009 г. Ватыканскае радыё сумесна з Ватыканскім тэлевізійным цэнтрам зрабілі ўласны канал на YouTube на чатырох мовах, а таксама профіль у Twitter.

Такім чынам, Ватыканскае радыё, якое нарадзілася 12 лютага 1931 г., на працягу 80 гадоў вядзе вяшчанне на 45 мовах, мае вэб-сайт, на якім штодзённа абнаўляюцца навіны на 38 мовах. На радыё працуюць 355 чалавек, пераважна свецкія, 59 нацыянальнасцяў.

Беларуская праграма
Беларуская праграма Ватыканскага радыё выходзіць у эфір ужо на працягу больш за 60 гадоў. У 1949 г. ініцыятыўная група, у якую ўваходзілі некаторыя беларусы, сярод якіх кс. Пётр Татарыновіч, а. Леў Гарошка, а. Чэслаў Сіповіч (у будучыні біскуп), а таксама інжынер Рыдлеўскі, пачала намаганні, каб Папскае радыё трансліравала свае праграмы і на беларускай мове. Падчас асабістай аўдыенцыі ў папы Пія ХІІ, яны прадставілі Святому Айцу зварот з просьбай дазволіць заснаваць праграму для беларусаў. Пантыфік даў сваю згоду, і 6 студзеня 1950 г. пачалася рэгулярная трансляцыя праграм па-беларуску. Важна падкрэсліць, што менавіта Ватыканскае радыё стала першай радыёстанцыяй за межамі Беларусі, якая пачала вяшчанне на беларускай мове. Першым дырэктарам Беларускай секцыі Ватыканскага радыё стаў а. Пётр Татарыновіч.

Да 1989 г., калі кіраўнікамі праграмы былі кс. Пётр Татарыновіч, а. Леў Гарошка і кс. Роберт Тамушанскі, у сувязі з тым, што ў Беларусі не хапала святароў, для многіх людзей менавіта праграмы Ватыканскага радыё былі адзінай магчымасцю паглыблення рэлігійных ведаў і падтрымання кантакту з Апостальскай Сталіцай.

Беларуская праграма Ватыканскага радыё перадавала навіны аб жыцці Касцёла ў свеце і дзейнасці Святога Айца. Вялікая частка праграм была прысвечана рэлігійным і адукацыйным тэмам: навучанню фундаментам веры, пытанням маралі, літургічнаму і духоўнаму выхаванню. Беларуская праграма здзяйсняла пераклад папскіх дакументаў і прамоў.

Да 1989 г. рэдакцыя амаль не мела сталых кантактаў з Беларуссю. Трансляцыі праграм на тэрыторыю краіны перашкаджалі, карыстаючыся рознымі тэхнічнымі сродкамі, савецкія спецслужбы. Толькі пачынаючы прыкладна з 1989 г. была наладжана больш якасная перадача сігнала ў Беларусь.

У перыяд аднаўлення касцёльнага жыцця ў Беларусі Ватыканскае радыё выконвае важную ролю ў гэтым працэсе і з’яўляецца “мастом” паміж Апостальскай Сталіцай і Каталіцкім Касцёлам у Беларусі, а таксама крыніцай інтэгральнай, якаснай і поўнай інфармацыі аб дзейнасці Святога Айца на беларускай мове.