2013-02-21 13:29:29

Улады Рыма адзначаюць беспрэцэдэнтны наплыў пілігрымаў


RealAudioMP3 Улады Рыма паведамілі, што рыхтуюцца да прыняцця вялікай колькасці вернікаў і турыстаў у перыяд з канца лютага і да пачатку красавіка. Гэта звязана з жаданнем пілігрымаў з усяго свету прыняць удзел у апошніх мерапрыемствах з удзелам Бэнэдыкта ХVI перад яго сыходам з Пасаду св. Пятра, а таксама з увагай да будучага канклаву і ўрачыстасцю інтранізацыі новага Папы. Доказам гэтага з’яўляецца рост рэзервавання месцаў у гатэлях горада. Іх уласнікі заяўляюць аб надзвычайным “буме”, бо толькі колькасць гасцей з Італіі павялічылася на 115% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулых гадоў, з Германіі на 60%. Улады Рыма заклапочаны тым, што многія ўласнікі гатэляў выкарысталі сітуацыю для павелічэння цэн.

Гарадскія службы Вечнага Гораду таксама пачалі падрыхтоўку. Яны абвясцілі, што ў нядзелю 24 лютага, калі Бэнэдыкт ХVI апошні раз сустрэнецца з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, будзе зменены расклад працы гарадскога транспарту, паміж Ватыканам і важнейшымі пункамі ў горадзе будуць курсаваць дадатковыя аўтобусы.

Паводле уладаў Рыма, найбольшым выклікам для іх будзе апошняя агульная аўдыенцыя з удзелам Папы ў сераду 27 лютага, на яе прыбудуць дзесяткі тысяч вернікаў з многіх краін свету. Улады чакаюць прыбыцця вялікай колькасці пілігрымаў таксама на ўрачыстасці Вялікага Тыдня і Пасхі, якія, магчыма, узначаліць ужо новы Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.