2013-03-12 19:42:49

Канклаў працягваецца: Пантыфік пакуль не абраны


RealAudioMP3 Пасля першай сесіі галасавання 12 сакавіка кардыналы не змаглі абраць новага Папу. Аб гэтым стала вядома ў 19.41 калі з коміну над Сікстынскай капэлай узняўся чорны дым. Кардыналы-выбаршчыкі правялі галасаванне, але ніводзін з кандыдатаў не змог набраць патрэбнай колькасці галасоў. Размова ідзе пра дзве трэція плюс адзін. Зараз пурпураты адправяцца ў Дом св. Марты, а выбары Пантыфіка працягнуцца 13 сакавіка. Запланавана, што заўтра раніцай кардыналы збяруцца ў капліцы св. Паўла для ўдзелу ў супольнай св. Імшы. У 9.30 яны вярнуцца ў Сікстынскую капэлу, памоляцца разам Літургіяй гадзін, а затым пачнуць чарговае галасаванне. Калі ў выніку двух ранішніх тураў не будзе абраны новы Папа, заўтра пройдзе яшчэ адна выбарчая сесія паміж 17.00 і 19.00. Калі пасля 12 ці 13 тураў галасавання, не будзе асягнута выніку, кардыналы-выбаршчыкі возьмуць паўзу, не больш чым на 24 гадзіны, для малітвы і абмеркаванняў. У гэтым выпадку кардынал-протадыякан Жан-Луі Таран правядзе для ўсіх сабраных духоўнае разважанне. Далей, калі будзе неабходна, пройдзе яшчэ 21 галасаванне, з малітвамі і роздумам пасля кожнага сёмага.

Калі Пантыфік не будзе абраны на 9 дзень, адпаведна пасля 33 або 34 безвыніковых галасаванняў, будуць вызначаны два кандыдаты, якія набралі падчас папярэдніх тураў найбольшую колькасць галасоў. Кардыналам будзе прапанавана прагаласаваць за аднаго з іх. Новым Папам стане набраўшы звычайную большасць галасоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.