2013-03-13 19:06:41

Habemus Papam! Кардыналы выбралі новага Пантыфіка


RealAudioMP3 Кардыналы выбралі новага Папу. Сведчаннем гэтаму стаў белы дым, які ўзняўся з коміну на даху Сікстынскай капэлы ў 19.05. Пантыфік быў абраны на другі дзень галасавання, што з’яўляецца вельмі рэдкай гістарычнай падзеяй. Імя новага Наступніка св. Пятра стане вядома праз некаторы час. Яго абвесціць кардынал-протадыякан, які на працягу бліжэйшай гадзіны павінен з’явіцца на цэнтральнай лоджыі ватыканскай базылікі. Парадкам правядзення выбараў Пантыфіка прадугледжана, што пасля таго, як адзін з кандыдатаў набярэ неабходную колькасць галасоў, ён павінен будзе выказаць сваю згоду з выбарам пурпуратаў і назваць імя, якое хоча насіць як Папа. Пасля гэтага выбарчыя карткі спальваюцца ў печцы, устаноўленай у Сікстынскай капэле. У гэты час новаабраны Папа накіроўваецца ў “пакой слёз”, каб пераапрануцца і памаліцца. Затым ён вяртаецца ў Сікстынскую капэлу, дзе кожны з пурпуратаў абяцае яму павагу і паслухмянасць. Пасля гэтага Пантыфік накіроўваецца на цэнтральную лоджыю ватыканскай базылікі, адкуль удзяляе вернікам сваё першае благаслаўленне “Urbi et Orbi”. Па дарозе ён спыняецца для малітвы ў капліцы св. Паўла. У гэты час кардынал-протадыякан абвяшчае яго імя народу.








All the contents on this site are copyrighted ©.