2013-03-21 12:32:16

Папа Францішак павіншаваў Архіепіскапа Кентэрберыйскага з інтранізацыяй


RealAudioMP3 Папа Францішак павіншаваў Архіепіскапа Кентэрберыйскага Джасціна Уэлбі з афіцыйнай інтранізацыяй, якая адбылася 21 сакавіка. Святы Айцец скіраваў кіраўніку Англіканскай Царквы пасланне, у якім падзякаваў за “цёплыя словы” у сувязі з яго абраннем на Пасад св. Пятра. “Пастырскае служэнне – гэта заклік да шляху ў вернасці Евангеллю нашага Пана Езуса Хрыста”, - адзначыў Пантыфік. Ён запэўніў англіканскага іерарха ў сваёй малітве і папрасіў маліцца за яго, каб мог адказаць на заклік, з якім Пан да яго звярнуўся. Папа адзначыў, што чакае магчымасці сустрэцца з новым Архіепіскапам Кентэрберыйскім у бліжэйшай будучыні і жадае працягваць братэрскія адносіны, якія былі ўстаноўлены яго папярэднікамі.

Свае віншаванні ў адрас архіепіскапа Джасціна Уэлбі, скіраваў таксама, яшчэ будучы Пантыфікам, 4 лютага 2013 г., Бэнэдыкт XVI. Ён напісаў, што служэнне іерарха будзе “адбывацца ў час, калі хрысціянская вера ставіцца пад пытанне ў многіх частках заходняга свету, тымі хто лічыць рэлігію прыватнай справай і адмаўляе яе ўклад у публічныю дыскусію”. “Слугі Евангелля сёння пакліканы адказаць на распаўсюджаную глухату да музыкі веры”, - падкрэсліў Бэнэдыкт XVI і пажадаў, каб апостальскае служэнне новага англіканскага іерарха “прынесла багатыя плёны і адкрыла вушы і вочы многіх, на ажыўляючае пасланне Евангелля”.

Архіепіскап Джасцін Уэлбі быў прызначаны новым кіраўніком Англіканскай Царквы 4 лістапада 2012. Ён змяніў на гэтай пасадзе архіепіскапа Роўэна Уільямса, які сышоў у адстаўку і заняўся выкладчыцкай дзейнасцю.









All the contents on this site are copyrighted ©.