2013-03-26 10:36:03

Разважанні да Крыжовага шляху ў Калізеі з’явіліся ў рымскіх кнігарнях


RealAudioMP3 Які шлях вядзе да вечнага жыцця? “Езус адказаў на гэта пытанне, якое палае ў самай глыбіні нашага быцця, прайшоўшы шляхам крыжа”, - так пачынаюцца разважанні да Крыжовага шляху, які пройдзе ў Вялікую Пятніцу 29 сакавіка ў рымскім Калізей з удзелам папы Францішка. Яны былі падрыхтаваны групай ліванскай моладзі пад кіраўніцтвам мараніцкага Патрыярха Антыёхіі кардынала Бутраса Раі. 25 сакавіка разважанні з’явіліся на паліцах кнігарняў у выглядзе маленькай брашуры, падрыхтаванай Ватыканскім выдавецтвам. Пасланне, якое змешчана ў іх, закранае ўсе катэгорыі людзей. Напрыклад у І стацыі, дзе гаворка ідзе пра Пілата, узгадваецца пра усіх, “хто выкарыстоўвае сваю ўладу для служэння несправядлівасці і таптання чалавечай годнасці і права на жыццё”. Адначасова ў бок моцных гэтага свету гучыць заклік, каб “валадарылі ў справядлівасці”. У IV стацыі, калі Езус сустракае сваю Маці, аўтары Крыжовага Шляху скіроўваюць увагу на праблемы шматлікіх сем’яў і заклікаюць маліцца, каб яны сталі “аазісамі любові, міра і спакою, на падабенства Сям’і з Назарэта”. “О Езу, мы просім цябе за ўсіх маладых людзей, якія, прыгнечаныя роспачу, сталі ахвярамі наркотыкаў, сект і вычварэнстваў. Вызвалі іх з гэтага рабства”, - гаворыцца ў разважанні да XI стацыі, у якой узгадваецца ўкрыжаванне Хрыста.

Таксама ўвага скіравана на шматлікія рызыкі, прысутныя ў сучасных грамадствах. Узгадваюцца праблемы “сляпой свецкасці” і “гвалтоўнага фундаменталізма”, падзелаў у Касцёле, абортаў і эўтаназіі, войнаў на Блізкім Усходзе. “Прыняцце цяжкасцяў, балючых падзей, смерці, нараджае моцную надзею, жывую веру (...) Мы атрымалі свабоду дзяцей Божых, каб больш не вяртацца да рабства; жыццё нам было дадзена ў поўні, каб не абмяжоўвацца існаваннем, пазбаўленым прыгажосці і значэння”, - напісала ліванская моладзь на заканчэнне сёлетніх разважанняў да Крыховага Шляху ў Калізеі.








All the contents on this site are copyrighted ©.