2013-04-03 09:46:54

Святы Айцец наведаў месца спачывання Яна Паўла ІІ


RealAudioMP3 2 красавіка каля 19.00, пасля закрыцця ватыканскай базылікі, папа Францішак здзейсніў візіт да магілы бл. Яна Паўла II, у восьмую гадавіну яго смерці. Святога Айца суправаджаў кардынал Анджэла Камастры, арцыпрэсбітэр базылікі св. Пятра, і кс. прэлат Альфрэд Хуэрэб, асабісты сакратар Пантыфіка. Як паведамляе Зала Друку Апостальскай Сталіцы, Папа правёў некаторы час на малітве ў капліцы св. Себасцьяна, дзе знаходзіцца саркафаг з целам памерлага Пантыфіка. Выходзячы з сабору, Францішак затрымаўся на некаторы час ля месцаў пахавання бл. Яна XXIII і св. Пія X. Як і візіт Пантыфіка да грабніцы св. Пятра і ватыканскіх гротаў, які адбыўся 1 красавіка, таксама і наведанне магіла Яна Паўла ІІ дэманструе глыбокую духоўную пераемнасць пятровага служэння Пантыфікаў, якім папа Францішак жыве і якое інтэнсіўна адчувае ў сабе. Аб гэтым таксама сведчаць яго сустрэчы і тэлефонныя размовы з папярэднікам, Бэнэдыктам XVI, адзначаецца ў паведамленні Залы Друку.

Менавіта Ян Павел II паклікаў кс. Хорхе Марыа Берголіа да біскупскага служэння, а пазней уручыў яму кардынальскі берэт. У сваю чаргу, арцыбіскуп Буэнас-Айрэса заўсёды падкрэсліваў гераічнасць постаці благаслаўлёнага Папы. Ян Павел ІІ не баяўся, “таму што пражыў сваё жыццё, сузіраючы Уваскрослага Пана”, - гаварыў кардынал Берголіа 1 мая 2011 г. у архікатэдральным касцёле Буэнас-Айрэса. У Рыме гэта быў дзень беатыфікацыі папы Вайтылы. Ян Павел II, - падкрэсліваў будучы папа Францішак, - не баяўся, і менавіта гэта “разбурала дыктатуры”. “Смеласць і рашучасць, якія дае нам Уваскрасенне Хрыста, - заяўляў ён, - упэўненасць у тым, што мы абдараваныя ласкай” Пана, “пазбаўляюць нас страху”. Няхай і сёння гучаць у нашым сэрцы словы Езуса і бл. Яна Паўла: “Не бойцеся!”, - гаварыў ў 2011 г. кардынал Берголіа.







All the contents on this site are copyrighted ©.