2013-04-09 13:55:55

Пантыфік сустрэўся з Генеральным сакратаром ААН


RealAudioMP3 Раніцай 9 красавіка 2013 г. у Ватыкане Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі Генеральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Пан Гі Муна. Пасля сустрэчы з папам Францішкам палітык правёў размовы з кардыналам Дзяржсакратаром Тарчызіо Бэртонэ, якога суправаджаў кс. прэлат Антуан Камілеры, падсакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі. Як адзначае Зала Друку, сустрэчы, падчас якіх Пантыфік прымае кіраўніка ААН, сталі ўжо традыцыйнамі. Яны між іншым падкрэсліваюць ролю Святога Пасаду ў дасягненні мэтаў Арганізацыі ў справе захавання міру ва ўсім свеце, клопаце пра агульнае дабро чалавецтва і абароне асноўных правоў чалавека. Падчас сардэчных размоў былі абмеркаваны тэмы, якія прадстаўляюць агульны інтарэс, у прыватнасці, сітуацыі, звязаныя з канфліктамі і гуманітарным крызісам, асабліва ў Сірыі, на Карэйскім паўвостраве і на Афрыканскім кантыненце, дзе мір і стабільнасць знаходзяцца пад пагрозай. Размова ішла такасама пра праблемы гандлю людзьмі, асабліва жанчынамі, у першаю чаргу, з ліку бежанцаў і мігрантаў.

Генеральны сакратар ААН, які нядаўна пачаў другі тэрмін на гэтай пасадзе, прадставіў сваю пяцігадовую праграму, засяродзіўшыся, у прыватнасці, на прадухіленні канфліктаў, міжнароднай салідарнасці і справядлівага і ўстойлівага эканамічнага развіцця.

Папа Францішак са свайго боку нагадаў пра ўклад Каталіцкага Касцёла, адпаведна яго ідэнтычнасці і сродкам, у абарону чалавечай годнасці і развіццё культуры сустрэчы, што адпавядае таксама высокай мэце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.







All the contents on this site are copyrighted ©.