2013-04-15 12:00:09

Папа прызначыў свайго спецыяльнага пасланніка на ўрачыстасці ў Беларусь


RealAudioMP3 Святы Айцец прызначыў кардынала Жана-Луі Тарана, старшыню Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, сваім спецыяльным пасланнікам на святкаванне 400-годдзя прыбыцця іконы Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будслаў. Урачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі запланаваны сёлета на 5 і 6 ліпеня. Кардынал Таран з’яўляецца вядомым і аўтарытэтным ватыканскім іерархам, які ўжо на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў працуе ў Рымскай курыі. Ён займаў пасады сакратара Святога Пасаду па адносінах с дзяржавамі, архіварыўса і бібліятэкара Святога Рымскага Касцёла. На цяперашнюю пасаду яго прызначыў Бэнэдыкт XVI у 2007 г. Менавіта ад яго, як ад кардынала-протадыякана, увесь свет пачуў славутае “Habemus Papam” 13 сакавіка 2013 г., калі ён абвясціў аб абранні на Пасад св. Пятра папы Францішка. 6 ліпеня ў Будславе кардынал Таран здзейсніць асвячэнне крыжа і памятнага знака з нагоды 400-годдзя прабывання абраза Маці Божай у гэтым мястэчку.Чакаецца, што пасля гэтага папскі пасланнік узначаліць урачыстую св. Імшу і працэсію з іконай Маці Божай Будслаўскай на плошчы перад санктуарыем.







All the contents on this site are copyrighted ©.