2013-04-21 13:35:01

Папа Францішак да святароў: будзьце пастырамі, а не службовымі асобамі


RealAudioMP3 Папа Францішак заклікаў святароў не быць проста адміністрацыйнымі работнікамі Касцёла. “Будзьце пастырамі, а не службовымі асобамі”, - сказаў Святы Айцец 21 красавіка ў ватыканскай базыліцы падчас святарскіх пасвячэнняў дзесяці навучэнцаў рымскіх семінарый. Францішак упершыню ўдзяліў гэты сакрамэнт у якасці Пантыфіка. Святары павінны разумець сябе як “пасярэднікаў”, а не “сераднякоў”, сказаў Папа. Яны – прапаведнікі Евангелля і пастыры Божага народу, падкрэсліў ён. Святы Айцец заклікаў да пакоры і сціпласці. Святары павінны заўсёды прытрымлівацца прыкладу Добрага Пастыра”, які прыйшоў не каб Яму служылі, але каб служыць іншым і ратаваць гінучых, нагадаў ён.

У сваёй гаміліі папа Францішак запрасіў будучых святароў да асаблівага клопату аб слабых і старых. “Не саромцеся з пяшчотай адносіцца да старых людзей!”, - сказаў ён. “Не стамляйцеся быць міласэрнымі!”, - звярнуўся да кандыдатаў да святарства Пантыфік, гаворачы аб іх абавязку ўдзядяць сакрамэнт хворых. Папа перасцярог іх ад прыватнай інтэрпрэтацыі хрысціянскага паслання. Паводле Пантрыфіка, яны заўсёды павінны ўсведамляць, што справа не ў тым, каб падабацца сабе, але каб быць даспадобы Богу. Божае Слова – не ваша ўласнасць, яно належыць Богу, нагадаў Францішак падчас сваёй гаміліі. Спрыяйце ўзрастанню хрысціянскага паслання ў Касцёле, заклікаў ён будучых святароў.

Найважнейшай задачай вучня Хрыста з’яўляецца ўважлівае чытанне Святога Пісання і разважанне над яго словам, каб умацоўваць сваю веру, нагадаў Папа. Сэнс Біблійнага паслання ў тым, каб яго прыняць і жыць у адпаведнасці з ім, дадаў ён. Яшчэ адным заданнем святароў, якое яны павінны ажыццяўляць разам са сваімі біскупамі, з’яўляецца аб’яднанне вернікаў у “адной сям’і”, нагадаў Папа.

Новыя святары навучаліся ў Вышэйшай папскай рымскай духоўнай семінарыі, Дыяцэзіяльным місійным калегіўме “Redemptoris Mater” і Семінарыі Маці Божай Любові. Яны паходзяць з Італіі, Аргентыны, Індыі і Харватыі. Найстарэйшы ў гэтай групе 44-гадовы Джузэпэ Канфорці, а малодшы 26-гадовы Сіджо Куцікаціль. Адзін з неапрэсбітэраў мае адукацыю спецыяліста па палітычных навуках, а другі працаваў у вядомай міжнароднай кампаніі па вытворчасці прадметаў раскошы.







All the contents on this site are copyrighted ©.