2013-04-25 11:48:41

Былая супрацоўніца Папы: Хорхе Берголіа ніколі не быў папулістам


RealAudioMP3 “Францішак карыстаецца простай мовай, але з’яўляецца вялікім інтэлектуалам”, - адзначыла журналістка Вірхінія Бонард, якая на працягу доўгіх гадоў блізка супрацоўнічала з кардыналам Хорхе Берголіа ў якасці прэс-сакратара Канферэнцыі Біскупаў Аргентыны. “Францішак з’яўляецца вялікім мысляром і, нягледзячы на намаганні быць простым, яго думкі вельмі глыбокія”, - сказала яна ў інтэрв’ю італьянскай “La Stampa”. Паводле Бонард, Папа “добра ведае, што свет яго слухае і таму намагаецца знайсці словы, зразумелыя ў любым кутку планеты”. Яна падкрэсліла “салідную адукацыю” Святога Айца і яго захапленне літаратурай, асабліва класічнай. “Летам, у Аргентыне ён заставаўся адзін у курыі, каб праводзіць свой вольны час за вучобай і малітвай”, - падзялілася яна.

Яшчэ адзін аспект, на які звярнула ўвагу аргентынская журналістка, тычыцца адносін Папы да людзей. “Хорхе Марыа Берголіа ніколі не быў папулістам: яго жэсты і блізкасць да вернікаў павінны інтэрпрытавацца правільна”, - сказала яна і падкрэсліла, што часта Папа ідзе насуперак агульнай плыні і выражае сваю заклапочанасць свабодай людзей. Бонард адзначыла, што кожны чалавек для Святога Айца з’яўляецца “важным суразмоўцам, бо ён разумее, што Езус глядзіць на нас як на асобных людзей”. Гэта рыса характарызавала яго як пастыра ў Буэнас-Айрэсе, яна характэрная для яго і зараз, лічыць былая супрацоўніца Папы.

Вірхінія Бонард звярнула ўвагу на тое, што Святы Айцец ў сваіх гаміліях і прамовах часта выкарыстоўвае слова “перыферыя”. Паводле журналісткі, гэта сведчыць аб імкненні Папы зразумець самыя “ускраіны” асабістага і супольнага жыцця сучаснага чалавека.








All the contents on this site are copyrighted ©.