2013-04-26 13:36:41

Лацінаамерыканскія іерархі пасля спаткання з Папам: сустрэча паміж сябрамі


RealAudioMP3 25 красавіка папа Францішак прыняў на аўдыенцыі членаў Рады Епіскапатаў Лацінскай Амерыкі (Celam). Падчас сустрэчы іерархі паінфармавалі Святога Айца аб душпастырскіх праграмах Канферэнцый Біскупаў кантыненту, прысвечаных накірункам дзейнасці Касцёла. “Аудыенцыя з Пантыфікам была сустрэчай паміж сябрамі, каб падзяліцца навінамі і радасцю аб беспрэцэдэнтнай падзеі, якой стала абранне на Пасад св. Пятра лацінаамерыканскага біскупа”, -прызнаўся старшыня Рады, мексіканскі арцыбіскуп Тлальнепантлы Карлас Агіар Рэтэс. Ён дадаў, што “Святы Айцец глыбока адчувае сваю адказнасць за місію, якую Бог яму даверыў”. Іерарх паінфармаваў, што падчас сустрэчы з Папам была адзначана душпастырская і місіянерская адказнасць Касцёла ў Лацінскай Амерыцы, які пакутуе ад шматлікіх праблем, у тым ліку рэлігійнага характару, а таксама моцнага ўплыву рэлятывісцкай і лаіцкай культуры.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што сустрэча з Пантыфікам прайшла ў “атмасферы біскупскай калегіяльнасці”. “Гэты факт напоўніў нас глыбокай радасцю”, прызнаўся ён, паколькі, на яго думку, гэта сведчыць аб менавіта такім разуменні Святым Айцом паўсюднасці Касцёла. Лацінаамерыканскі іерарх узгадаў апошняе пасяджэнне Рады Епіскапатаў Лацінскай Амерыкі, у якім браў удзел кардынал Берголіа. Яно, паводле арцыбіскупа Рэтэса, стала прарочым, паколькі на ім быў пастаўлены моцны місіянерскі акцэнт на далейшай дзейнасці мясцовага Касцёла. Сімвалічна, што менавіта з закліку да аднаўлення місіянерскага вобразу супольнасці вернікаў папа Францішак пачаў свой пантыфікат.








All the contents on this site are copyrighted ©.