3 мая папа Францішак
прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Лівана Мішэля Сулеймана, які затым сустрэўся з кардыналам
Дзяржсакратаром Тарчызіо Бэртонэ, у суправаджэнні сакратара па адносінах з дзяржавамі
арцыбіскупа Дамініка Мамбэрці. “Падчас сардэчнай размовы абмяркоўвалася сітуацыя ў
краіне, падкрэслівалася важнасць дыялога і супрацоўніцтва паміж членамі розных этнічных
і рэлігійных супольнасцяў, якія з’яўляюцца часткай грамадства і ўяўляюць сабой багацце,
важнае для супольнага дабра, развіцця і стабільнасці ў краіне”, - гаворыцца ў спецыяльным
паведамленні залы Друку Апостальскай Сталіцы, апублікаваным пасля заканчэння сустрэчы.
Падкрэсліваецца, што Францішак выразіў найлепшыя пажаданні ў сувязі з фарміраваннем
новага ўраду, якому будзе наканавана “адказаць на важныя выклікі на нацыянальным і
міжнародным узроўнях”.
Асаблівую ўвагу удзельнікі сустрэчы звярнулі на сітуацыю
ў рэгіёне, у прыватнасці на канфлікт у Сірыі. Яны выразілі заклапочаннасць лёсам вялікай
колькасці бежанцаў, якія шукаюць прытулку ў Ліване і суседніх краінах, а таксама ўсяго
насельніцтва гэтай краіны, якая напрацягу амаль двух гадоў пакутуе ад насілля і войнаў.
Папа і Прэзідэнт Лівана пагадзіліся ў неабходнасці павялічэння гуманітарнай дапамогі
насельніцтву гэтай краіны і падтрымцы міжнароднай супольнасці.
Акрамя сірыйскай
праблемы, у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў сустрэчы былі адносіны паміж ізраіліцянамі і
палестынцамі. Было выказана пажаданне аднаўлення перамоваў паміж гэтымі народамі дзеля
дасягнення міра і стабільнасці ва ўсім рэгіёне.
Нарэшце, Францішак і Мішэль
Сулейман, закранулі сітуацыю хрысціян на ўсім Блізкім Усходзе. Падкрэслівалася важнасць
накірункаў вызначаных Бэнэдыктам XVI у Апостальскай адгартацыі “Касцёл на Блізкім
Усходзе”, падпісанай ў Ліване падчас падарожжа Пантыфіка ў гэту краіну восенню 2012
г.