2013-05-08 13:06:37

Святы Айцец пра евангелізацыю і празелітызм


RealAudioMP3 Евангелізацыя – гэта не празелітызм, падкрэсліў папа Францішак падчас ранішняй св. Імшы 8 мая. Паводле яго, хрысціянін, які хоча абвяшчаць Евангелле, павіннен весці дыялог з усімі, усведамляючы, што ніхто не валодае ісцінай, бо яе дае выключна сустрэча з Езусам. “Хрысціянін павінен абвяшчаць Езуса Хрыста такім чынам, каб Ён быў успрыняты і прыняты, а не адхілены”, - заўважыў Святы Айцец. Ён звярнуўся да прыкладу апостала Паўла, які ведаў, што абвяшчэнне Хрыста залежыць не толькі ад яго, ён павінен зрабіць усё магчымае, але вырашальная роля належыць тут Святому Духу.

Поспех св. Паўла, на думку Папы, палягаў на прыняцці апосталам спосабу дзейнасці Езуса, які “размаўляў з кожным”: з грэшнікамі, мытнікамі, настаўнікамі.”Хрысціянін, які імкнецца несці Евангелле, павінен ісці па гэтым шляху”, - адзначыў Францішак. Ён узгадаў часы свайго дзяцінства, калі з боку католікаў існавала прадузятасць да людзей, якія жылі або думалі па-іншаму: да не маючых каталіцкага шлюбу, або сацыялістаў ці атэістаў. Цяпер – дзякуй Богу – ужо больш не гаворыцца гэтае “не” у адносінах да такіх людзей, заўважыў Пантыфік.

Прыкладам абвяшчэння Евангелля без празелітызму для Папы з’яўляецца менавіта св. Павел. “Павел вучыць нас гэтаму шляху евангелізацыі, бо яго стварыў Езус, бо ён выдатна разумее, што евангелізацыя – гэта не празелітызм: таму што ён упэўнены ў Езусе Хрысце (...) і яму не трэба шукаць доказаў для сябе. Калі Касцёл губляе гэту апостальскую мужнасць – становіцца Касцёлам цвёрдым, Касцёлам упарадкаваным, (..) але не ўрадлівым, бо губляе мужнасць ісці на перыферыі (...)”, - звярнуў увагу Папа. Ён заклікаў сабраных у капліцы Дому св. Марты прасіць у св. Паўла апостальскай мужнасці і духоўнага запалу да упэўненасці ў шляху Хрысца. “Тыя, хто не ідуць, каб не памыліцца, робяць памылку яшчэ больш сур’ёзную”, - заключыў Францішак.







All the contents on this site are copyrighted ©.