2013-05-11 12:07:57

Святы Айцец: сапраўдная малітва вядзе да найбольш патрабуючых


RealAudioMP3 Сапраўдная малітва дазваляе выйсці за ўласныя рамкі, адкрывае на Бога і найбольш патрабуючых, лічыць папа Францішак. 11 мая, падчас Эўхарыстыі ў капліцы Дома св. Марты, Пантыфік разважаў аб хрысціянскай малітве. Каментуючы евангельскія словы: “калі чаго ў імя Маё папросіце ў Айца, дасць вам”, Папа адзначыў, што ў іх утрымліваецца канкрэтнае пасланне: “Айцец дасць нам усё, але заўжды ў імя Езуса”, - сказаў ён. Пантыфік прызнаўся, што яго заўсёды захапляў вобраз уваскрослага Хрыста. “Езус заклікае нас мець давер да сваёй мукі, давяраць Яго перамозе над смерцю, давяраць Яго ранам. Ён святар і Яго раны – гэта ахвяра. Гэта нас напаўняе даверам і мужнасцю для малітвы”, - сказаў Святы Айцец. Паводле Пантыфіка, сапраўднай малітвай з’яўляецца зыход з самаго сябе да Айца ў імя Езуса. Навучыцца такому “зыходу” можна толькі праз набліжэнне да ранаў асоб найбольш патрабуючых.

“Калі мы не выходзім за ўласныя рамкі да найбольш патрабуючых братоў: да хворых, бедных, да тых, каго эксплуатуюць, калі мы не здольныя выйсці да іх ранаў, ніколі не навучымся свабодзе, якая вядзе да зыходу з саміх сябе ў накірунку ранаў Езуса. Існуюць два спосабы зыходу з саміх сябе: адзін – да ранаў Езуса, іншы – да ранаў нашых братоў і сясцёр. І гэта накірунак, якога Езус чакае ад нашай малітвы”, - адзначыў Папа.

Святы Айцец заклікаў знаходзіць раны Хрыста на нашых бліжніх, якія “яшчэ нясуць крыж і да гэтага часу не перамаглі, як перамог Езус”.








All the contents on this site are copyrighted ©.