2013-05-13 12:01:58

Папе прадстаўлены апошнія статыстычныя дадзеныя Касцёла


RealAudioMP3 За мінулы год колькасць католікаў на свеце павялічылася. На сённяшні дзень іх налічваецца 1214 млн. чалавек, што на 1,5 % больш у параўнанні з 2011 г. Гэта вынікае з сёлетняга выдання “Annuario Pontificio” – даведніка, у якім утрымліваецца падрабязная статыстычная інфармацыя пра Касцёл. 13 мая яго прадставілі папе Францішку. Паводле зборніка, католікі складаюць 17,5% ад усяго насельніцтва планеты. Найбольш інтэнсіўна іх колькасць расце ў Афрыцы (яна вырасла на 4,3% у параўнанні з 2011 г.) і ў Азіі (на 2%). У Еўропе і Амерыцы гэтыя паказчыкі ніжэйшыя – тут колькасць католікаў павялічылася толькі на 0,3%. Назіраецца таксама павелічэнне колькасці біскупаў. Ва ўсім свеце іх налічваецца 5132. Гэта на 0,55% больш, чым ў 2010 г. Асабліва заўважна іх колькасць узрасла ў Акіяніі (на 4,6%) і Афрыцы (на 1 %). Аднак, да гэтага часу 70% біскупаў паходзяць з Еўропы і Амерыкі.

Колькасць святароў і законнікаў на працягу апошніх 10 гадоў павялічылася на 2,1%, сёння іх налічваецца 413 418 чалавек. Аднак, гэта дынаміка не з’яўляецца аднолькавай для ўсіх кантынентаў. Рост колькасці святароў адбываецца ў асноўным за кошт новых пакліканняў ў Афрыцы (больш на 39,5%) і Азіі (на 32%). У Еўропе за апошнія 10 гадоў святароў стала менш на 9%.

Цікава, што за гэты самы перыяд амаль на 40% павялічылася ў свеце колькасць сталых дыяканаў. Пазітыўная дынаміка тычыцца ў першую чаргу еўрапейскага кантыненту, дзе іх стала больш на 43% . 97,4% усіх сталых дыяканаў у свеце прыходзіцца на Еўропу і Амерыку.

Колькасць законных братоў павялічылася ў Афрыцы (на 18,5%) і Азіі (на 44%), але значна паменшылася ў Еўропе (на 18%), Амерыцы (на 3,6%) і Акіяніі (на 21,9%).

Таксама за апошнія 10 гадоў у свеце амаль на 10% паменшылася колькасць законніц.

Што тычыцца новых кандыдатаў да святарства, то іх, у параўнанні з 2001 г., стала больш на 7,5 % і сёння налічваецца 120616 чалавек. Рост колькасці семінарыстаў у асноўным адбываецца за кошт Афрыкі (тут іх стала больш на 30,9%) і Азіі (на 29,4).

Новы “Annuario Pontificio” прадставілі Святому Айцу кардынал Дзяржсакратар Тарчызіо Бэртонэ і субстытут Апостальскай Сталіцы, арцыбіскуп Анджэла Бэчу. Даведнік распрацавала Цэнтральная статыстычная служба Святога Пасаду.








All the contents on this site are copyrighted ©.