Маліцца за святароў
і біскупаў, каб яны не паддаваліся спакусе грошай і ганарыстасці, але служылі Божаму
люду, заклікаў папы Францішак. Сваю гамілію падчас ранішняй св. Імшы 15 мая Святы
Айцец засяродзіў на ўрыўку з Дзеяў Апосталаў, дзе св. Павел заклікае старэйшых Касцёла
ў Эфесе пільнаваць сябе і ўвесь статак. Гэта, паводле Пантыфіка, адна з самых прыгожых
старонак Новага Запавету, дзе паказваюцца цудоўныя адносіны біскупа са сваім народам.
Папа нагадаў, што біскупы і святары пакліканы захоўваць, будаваць і абараняць давераных
ім вернікаў.”У канцы канцоў біскуп не ёсць біскупам для самога сябе; ён для людзей,
і святар не з’яўляецца святаром для сябе”, - адзначыў ён.
Адносіны біскупа
і святара з народам Святы Айцец назваў “экзістэнцыяльнымі і сакрамэнтальнымі”. “Мы
маем патрэбу ў вашых малітвах”, паколькі “нават біскупа і святара могуць атакаваць
спакусы”, - звярнуўся ён да вернікаў, сабраных у капліцы Дому св. Марты. “Мы людзі,
і мы грэшнікі” і “мы схільныя да спакусаў”, - дадаў Папа. Францішак спаслаўся на св.
Аўгустына, які назваў дзве самыя значныя спакусы ў жыцці біскупа і святара: багацце
і ганарыстасць. “Калі святар ці біскуп ідзе за грашыма, людзі не любяць яго, і гэта
знак. Ён дрэнна скончыць”, - сказаў Святы Айцец. З гэтым жа, паводле яго, звязаны
дух “марнай славы і кар’ерызму”, прысутнасць якога найбольш балючая для Касцёла.
“Маліцеся
за нас, - паўтарыў Пантыфік - каб мы былі беднымі, каб мы былі пакорнымі, лагоднымі,
каб служылі людзям”, “маліцеся за нас, біскупаў і святароў”.