2013-05-15 13:01:02

Святы Пасад рашуча асудзіў тэрарызм у Афрыцы


RealAudioMP3 Святы Пасад выказаў сваю заклапочанасць у сувязі з пашырэннем тэрарызму ў Афрыцы. Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый выступіў з нагоды дыскусіі Савета Бяспекі па праблеме падтрымання міру на гэтым кантыненце. Арцыбіскуп Фрэнсіс Чулікат адзначыў своечасовасць падобнай дыскусіі, бо “тэрарызм, па самой сваёй прыродзе, выяўляе поўную пагарду да чалавечага жыцця і годнасці, таму што выкарыстоўвае разбурэнне і забойства нявінных людзей, як сродак для дасягнення мэты”. Дыпламат нагадаў, што “Святы Пасад асуджае выкарыстанне тэрарызму ва ўсіх яго формах і не прымае, у прыватнасці, маніпулявання рэлігіяй у спробе апраўдаць напады на нявінныя чалавечыя жыцці”. Насілле ў імя рэлігіі з’яўляецца антытэзай самой рэлігіі і спрыяе яе знішчэнню, звярнуў увагу арцыбіскуп.

Ватыканскі дыпламат заклікаў дзяржавы да справядлівага і мужнага аналізу матывацыі і абставін, якія садзейнічаюць тэрарызму. Таксама палітычныя, грамадскія і рэлігійныя лідэры “павінны асудзіць усе падобныя акты як абразу чалавечай годнасці, а не маўчаць, калі гэта адбываецца ў Афрыцы”, - сказаў арцыбіскуп Чулікат. На гэтым кантыненце барацьба з тэрарызмам патрабуе больш шырокага міжнароднага супрацоўніцтва для аказання фінансавай, адукацыйнай і тэхналагічнай дапамогі. Праблему можа дапамагчы вырашыць, паводле дыпламата, супрацоўніцтва паміж сям’ямі, рэлігійнымі арганізацыямі, племяннымі і грамадскімі лідэрамі і іншымі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН нагадаў словы папы Францішка, які заклікаў аб’яднацца ў рашучасці не быць пераможанымі злом, але перамагаць зло дабром.







All the contents on this site are copyrighted ©.