2013-06-19 09:23:06

“Веру, ведаю, разумею”. Шчаслівая тая, якая паверыла. Паспяшыла ў горную краіну...


RealAudioMP3 Мы працягваем цыкл разважанняў пад назвай “Шчаслівая тая, якая паверыла”. У яго рамках мы размаўляем пра веру Найсвяцейшай Панны Марыі, ці дакладней, чаму вера Маці Божай можа навучыць кожнага з нас. У цэнтры нашай увагі ўжо на працягу васьмі праграм знаходзіцца фрагмент Евангелля паводле св. Лукі, у якім апісваецца момант Звеставання. Сёння мы паразважаем над рэакцыяй Марыі на словы арханёла Габрыэля. Евангеліст апавядае, што пасля сустрэчы з анёлам Марыя “паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды”, каб наведаць сваячку сваю Альжбету. Панна Марыя пачула словы арханёла і затым вырушыла ў пажарожжа. Што кажа гэты факт для нашай веры? Аб гэтым мы пагаворым сёння.

Цікава заўважыць, што евангеліст Лука не змясціў апісанне моманту Звеставання і наведання Альжбеты ў розных раздзелах, хоць на першы погляд можа падавацца, што гаворка ідзе пра дзве асобныя гісторыі. Але на самой справе яны вельмі злучаны паміж сабой.

У момант Звеставання анёл прыйшоў да Марыі з радаснай весткай, аўтарам якой быў сам Бог. Анёл прынёс Найсвяцейшай Панне слова Божае, Яго пасланне. Як мы маглі ўбачыць у мінулых праграмах, яна прыняла яго з вялікай радасцю і энтузіязмам. Але затым наступае прынцыпова важны момант – анёл адыходзіць, адыходзіць таксама і Марыя.

Гэты фрагмент указвае на тое, што сустрэча з ініцыятывай Бога ніколі не можа быць канчатковай кропкай: нібыта атрымаў слова, авалодаў, прыняў яго і сяджу далей. Нібыта на гэтым усё заканчваецца. Не, гэта не так. Бо атрыманне Божага Слова – гэта толькі пачатак.
Марыя пачула, што анёл казаў пра яе сваячку Альжбету і адразу паспяшыла да яе. Яна нібыта атрымала знак ад Бога, змагла прачытаць яго і накіравалася за ім.

Кароткі фрагмент, над якім мы разважаем, указвае нам на вельмі важную рэч – вера не развіваецца ў нас, калі мы не адказваем на Божае Слова канкрэтнымі дзеяннямі. Калі слова Божае прыходзіць да нас, важна пачаць дзейнічаць паводле яго: у межах сваіх магчымасцяў, у рамках той рэальнасці, у якой жывём. Неабходна пачаць дзейнічаць у адказ на ініцыятыву Бога.

Існуе вельмі шмат людзей, якія на працягу доўгага часу прабываюць у стане слухання – яны пастаянна “спажываюць” катэхезы, казанні, канферэнцыі. Але ніколі не імкнуцца вырушыць – пачаць нарэшце дзейнічаць, змяняць нешта ў сваім жыцці. Часта яны думаюць, што слухання цалкам дастаткова.

Многа людзей пасля шматлікіх гадоў прабывання ў Касцёле знаходзяцца ў пачатковым пункце. У іх нічога не змяняецца, яны не эвалюцыянуюць. Яны атрымліваюць шмат – але ніколі не спрабуюць зрабіць плённым гэта, перамяніць у дзейнасць. Іх можна сустрэць на усіх катэхезах, ва ўсіх каталіцкіх летніках і на ўсіх рэкалекцыях. Яны слухаюць, слухаюць, слухаюць, але ... не даходзяць да стадыі ажыццяўлення таго, пра што пачулі.

У дадзеным фрагменце Марыя ўказвае нам на адваротнае – яна пачула слова, і зразумела што павінна рабіць далей. Таксама і мы павінны зразумець, што трэба рабіць, калі вера ўваходзіць у наша жыццё. Пакуль не робім гэтага кроку, будзем заўсёды заставацца слухачамі. Адна рэч – гэта ведаць пра нешта добрае, іншая – гэта пачаць дзейнічаць паводле гэтых ведаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.