Беларусь: Фарны касцёл у Навагрудку чакае другое жыццё
Фарны касцёл у Навагрудку
чакае другое жыццё, па меншай меры, у сучаснай гісторыі. Праект рэканструкцыі ўжо
зацверджаны ў Міністэрстве культуры Беларусі (касцёл – помнік архітэктуры). Над праектам
працаваў творчы калектыў майстэрні “Басталія”. Ён стаў і дыпломнай працай, якая прынесла
добрыя адзнакі, двух студэнтак-выпускніц Беларускай акадэміі мастацстваў. Ганна Радзюк
абараняла ідэю ў напрамку інтэр’ера, а Наталля Скалковіч – мэблі. Змены адбудуцца
ў двух самых старажытных капліцах з тых, што захаваліся да нашых часоў. Найперш, капліцы
Усіх Святых, дзе знаходзяцца галоўныя рэліквіі храма – цудадзейная ікона Навагрудскай
Божай Маці і склеп з парэшткамі 11благаслаўлёных сясцёр-назарэтанак, якія загінулі
ў 1943 г. Іх растралялі фашысты замест мірных жыхароў.
Памяць мучаніц вырашана
было ўшанаваць у першую чаргу – паведаміла Наталля Скалковіч. “Гэта сакральная прастора.
На ўваходзе ў капліцу Усіх Святых будзе балюстрада, якая сімвалізуе перашкоду, каб
чалавек спыніўся і ўсвядоміў, што перад ім іншы свет. Перад сабой ён убачыць ікону
Навагрудскай Божай Маці, з аднаго боку – святыню, прысвечаную законніцам, гэта як
памяць людзям, а з другога боку – уваход у капліцу партатываў – гэта святыня, якая
будзе прысвечана касцёлам”, - сказала аўтар праету.
І не проста касцёлам, а
знішчаным у савецкія часы каталіцкім храмам. Мясцовыя жыхары на працягу доўгіх гадоў
збіралі ў наваколлі дошчачкі-партатывы, якія засталіся ад святынь, і прыносілі пробашчу.
Фарны
касцёл у Навагрудку можна назваць адным з самых старэйшых у Беларусі. Ён быў заснаваны
яшчэ самім вялікім князем літоўскім Вітаўтам у канцы XIV ст. Некалькі разоў храм перабудоўваўся,
пакуль у XVIII ст. не набыў канчатковы выгляд. Менавіта адсюль пачалася знакамітая
каралеўская дынастыя Ягелонаў – у касцёле ўзяў шлюб Ягайла з Соф’яй Гальшанскай. Тут
у 1799 г. быў ахрышчаны Адам Міцкевіч. І такая багатая гісторыя неяк незаслужана забыта,
лічаць мастакі-рэстаўратары, таму яны і скіравалі свой позірк на навагрудскую святыню.
Яны адчулі – зрабіць праект рэстаўрацыі – проста ўнутраны абавязак – прызнаўся сааўтар
праекта Яўген Левандоўскі.
“Наша галоўная мэта – зрабіць кансервацыю помніка,
г.зн. захаваць тое, што ёсць, не пашкодзіць і не прыдумляць новае. Ёсць грабовец,
дзе пахаваны сёстры-назарэтанкі. Нам трэба трохі толькі яго аздобіць, зрабіць больш
урачыстым. Мы плануем аднавіць роспіс скляпення, а таксама зрабіць зандаж – раскрыць
прыкладна 10 сантыметраў старажытнай кладкі, каб кожны змог убачыць цэглу тых часоў,
прыкладна XIV ст. Гэта вельмі цікава”, - сказаў рэстаўратар.
Што тычыцца роспісу
– гэта зорнае неба, якое было намалявана прыкладна ў пачатку XX ст. Вялікай мастацкай
каштоўнасці гэты роспіс не нясе, адзначаюць мастакі. Справа ў іншым – менавіта пад
гэтымі зоркамі маліліся загінуўшыя сёстры-назарэтанкі, і аднавіць намоленае мейсца
такім, якім яно існавала тады, для рэстаўратараў, таксама справа гонару. Зараз супрацоўнікі
майстэрні “Басталія” працуюць таксама над рэстаўрацыяй касцёла ў Геранёнах, у мінулым
годзе была адкрыта і зноў кансэкравана капліца ў Нясвіжы (рэстаўрацыя – таксама іх
праца). Уперадзе – ператварэнне касцёла ў Навагрудку. Да 1 жніўня ўсё задуманае па
праекту павінна быць рэалізавана. У гэты дзень спаўняецца роўна 70 год з моманту растрэлу
сясцёр-мучаніц. Мастакі спадзяюцца, што гэта будзе толькі пачатак новага жыцця святыні
– з адноўленым інтэрьерам, з адноўленай памяццю.