2013-07-09 12:41:53

Папа адкрые цэнтр для лячэння наркаманіі ў Рыа


RealAudioMP3 Папа Францішак, падчас візіту ў Бразілію на Сусветныя дні моладзі, адкрые ў бальніцы імя св. Францішка Асізскага ў Рыа-дэ-Жанейра 24 ліпеня новы аддзел для лячэння наркаманіі. Нямецкае каталіцкае інфармацыйнае агенцтва “KNA” паведамляе, што кіраўніцтва шпіталя спадзяецца, што адкрыццё цэнтра дасць наркаманам, асабліва нарказалежным дзецям і падлеткам, надзею і другі шанец. Гэта будзе самы “францішканскі момант” папскага падарожжа, лічыць брат Франсіска Белоці, кіраўнік бальніцы.

Папа адкрые новае чатырохпавярховае крыло, якое будзе прызначана выключна для рэабілітацыі наркаманаў. У цэнтры мерапрыемства стаіць аднак, па словах брата, “сустрэча з людзьмі, якія пацярпелі ад наркотыкаў”. У ёй прымуць удзел каля 500 чалавек. Пантыфік наведае шпітальную капліцу, дзе на працягу некалькіх хвілін памоліцца з пацыентамі і персаналам. На наступны дзень пасля візіту Папы аддзел пачне працаваць і прыме першых 48 нарказалежных. Дырэктар бальніцы імя св. Францішка Асізскага паведаміў, што Святы Пасад ахвяраваў на будаўніцтва новага аддзелу 850 тыс. еўра.

Святы Айцец атрымае ў падарунак статую св. Францішка, зробленую былым наркаманам, якому атрымалася, дзякуючы дапамозе францішканскага ордэна, вызваліцца ад залежнасці. Гэта было асабістае пажаданне Папы, наведаць бальніцу, каб урачыста адкрыць новы аддзел, паведаміў брат Франсіска Белоці.

На думку кіраўніка бальніцы, 500 новых месцаў, далёка не хопіць. На 25 просьбаў з боку наркаманаў аб тэрапіі, у Бразіліі прыходзіцца толькі адно шпітальнае месца.

Бальніца імя св. Францішка Асізскага лічыцца флагманскім цэнтрам перш за ўсё ў галіне трансплантацыі. Яна здольная змясціць адначасова 2,5 тыс. пацыентаў. Гэта адзін з 60 праектаў, якія вядзе францішканскі ордэн у штатах Сан-Паўлу, Рыа-дэ-Жанейра і Гаяс у Бразіліі.







All the contents on this site are copyrighted ©.