2013-07-11 12:09:43

Папа ўнёс змены ў ватыканскае крымінальнае заканадаўства


RealAudioMP3 11 ліпеня 2013 г. Святы Айцец зацвердзіў папраўкі ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы і Агульныя нормы па адміністрацыйных санкцыях для Дзяржавы Ватыкана і Святога Пасаду. Адпаведны дакумент, падпісаны папам Францішкам, выданы ў форме “Motu Proprio”. Новыя крымінальныя законы з’яўляюцца працягам намаганняў па абнаўленні прававой сістэмы Дзяржавы Ватыкан, і грунтуюцца на мерах, прынятых пасля 2010 г. падчас пантыфікату Бэнэдыкта XVI, гаворыцца ў заяве Залы Друку. Яны ўключаюць у ватыканскую прававую сістэму палажэнні шматлікіх міжнародных канвенцый, у тым ліку: чатырох Жэнеўскіх канвенцый 1949 г. супраць ваенных злачынстваў, Канвенцыі 1965 г. аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі; Канвенцыі 1984 г. супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання; Канвенцыі 1989 г. аб правах дзіцяці і яе Факультатыўных пратаколаў 2000 года.

У ватыканскае заканадаўства ўводзяцца такія паняцці як: гандаль дзецьмі, дзіцячая прастытуцыя, вярбоўка дзяцей, сексуальнае насілле і палавыя акты з дзецьмі, вытворчасць і захоўванне дзіцячай парнаграфіі, а таксама: злачынствы супраць чалавечнасці, злачынствы генацыду і апартэіду. Новыя законы накіраваны таксама супраць злачынстваў, учыненых пры ажыццяўленні дзяржаўнага кіравання, і ўпісваюцца ў Канвенцыю ААН 2003 г. супраць карупцыі.

Адгэтуль скасоўваецца такая форма пакарання, як пажыццёвае зняволенне, якое замяняецца на максімальнае пакаранне ад 30 да 35 гадоў пазбаўлення волі. Уводзіцца паняцце канфіскацыі і замарожвання актываў.

У адпаведнасці з самымі апошнімі падзеямі на міжнародным узроўні, адзін з трох новых законаў уводзіць сістэму штрафаў для юрыдычных асоб, якія атрымліваюць прыбытак ад злачыннай дзейнасці ўваходзячых у іх структуры органаў або персаналу.

Закон аб адміністрацыйных санкцыях носіць агульны характар, каб служыць у якасці агульнай асновы, якая прадугледжвае магчымасць прымянення санкцый у розных галінах, накіраваных на забеспячэнне павагі да норм, іх эфектыўнасці і абароны грамадскіх інтарэсаў.

У цэлым, гэтыя нарматыўныя намаганні з’яўляюцца часткай больш шырокага працэсу, накіраванага на далейшую мадэрнізацыю ватыканскай прававой сістэмы з мэтай павышэння яе паслядоўнасці і эфектыўнасці, гаворыцца ў спецыяльным паведемленні Залы Друку.







All the contents on this site are copyrighted ©.