2013-07-13 14:52:08

Папа адказаў на ліст трохгадовай дзяўчынкі


RealAudioMP3 Трохгадовая дзяўчынка напісала папе Францішку ліст – і той на яго адказаў. Алічэ Марыя Рокка з Озіа Сопра ў паўночна-італьянскай правінцыі Бергама ў маі прыняла ўдзел у св. Імшы з нагоды 50-годдзя з дня смерці Яна XXIII. Францішак пацалаваў яе і благаславіў, калі праходзіў паміж натоўпу вернікаў. Гэта ўразіла дзяўчынку, і Алічэ Марыя напісала з дапамогай бабулі ліст да Святога Айца, у якім папрасіла благаслаўлення для сябе, сваёй сям’і і дзіцячага садка. Цяпер яна атрымала адказ ад Папы з благаслаўленнем, паведаміла 13 ліпеня “Corriere della Sera”.

Гэта не першы прыклад, які сведчыць аб тым, што Святы Айцец з увагай ставіцца да карэспандэнцыі, якая надыходзіць на яго адрас. Так, у маі папа Францішак выслаў ліст да маладых вязняў у Каліфорніі, у якім паабяцаў маліцца за іх. Фота Святога Айца, на якіх ён абмыў ногі жыхарам калоніі для непаўналетніх у Рыме ў Вялікі чацвер, узрушылі вязняў у Лос-Анджэлесе, і яны скіравалі ліст Пантыфіку, падзякаваўшы яму за гэты ўчынак і просячы аб малітве. У адказ Папа выслаў ліст, дзе папрасіў езуіцкую асацыяцыю, якая апякуецца маладымі вязнямі, перадаць ім, што ён памятае пра іх у малітве.







All the contents on this site are copyrighted ©.