2013-07-14 11:28:15

Пантыфік з візітам у Кастэль Гандольфа


RealAudioMP3 Святы Айцец праводзіць сённяшні дзень у Кастэль Гандольфа. Яго прабыванне ў летняй рэзідэнцыі Рымскіх Пантыфікаў 14 ліпеня 2013 г. распачалося сустрэчай з мясцовымі супрацоўнікамі і прадстаўнікамі свецкай улады. Пасля паўгадзіннага пералёту з Ватыкану ў 9.30 на падворку Апостальскага палацу Пантыфіка прывіталі мясцовы біскуп Марчэла Сэмерара, дырэктар Папскіх віл Саверыа Петрыла і мэр Кастэль Гандольфа Мільвія Манакэзі. Францішак прызнаўся, што прыбыў, каб сустрэцца з грамадзянамі горада, пілігрымамі і турыстамі. Але не толькі, Папа хацеў таксама падзякаваць супрацоўнікам Папскіх віл іх сем’ям за іх каштоўнае служэнне Святому Пасаду. Пантыфік скарыстаўся магчымасцю і перадаў праз біскупа Сэмерара прывітанне ўсёй супольнасці Кастэль Гандольфа і манаскім супольнасцям, якія жывуць на яго тэрыторыі. Святы Айцец заклікаў вернікаў дыяцэзіі Альбана з радасцю і энтузіязмам абвяшчаць і сведчыць Евангелле.

Францішак не заставіў без увагі і мясцовыя ўлады ў асобе мэра Кастэль Гандольфа Мільвіі Манакэзі. Ён падзякаваў палітычнаму кіраўніцтву за шчырае супрацоўніцтва з Касцёлам і папрасіў перадаць сваё сардэчнае прывітанне і абяцанне малітоўнай памяці ўсяму насельніцтву. Папа заклікаў мясцовых жыхароў жыць у надзеі і спакоі і заўсёды быць уважлівымі да людзей, якія адчуваюць нястачу. “Адчыніце дзверы надзеі, каб яна распаўсюджвалася, і нясіце спакой, заўсёды!”, - заклікаў Святы Айцец.

Папа прызнаўся, што ў гэтым месцы яго “думкі звяртаюцца да бл. Яна Паўла II і Бэнэдыкта XVI, якія любілі праводзіць частку лета ў папскай рэзідэнцыі”. Іх сведчанне, сказаў Францішак, з’яўляюцца пастаянным заахвочваннем да паўсядзённай вернасці Хрысту і жыцця ў адпаведнасці з патрабаваннямі Евангелля і вучэння Касцёла.

Папа даверыў супрацоўнікаў Папскіх віл і жыхароў Кастэль Гандольфа мацярынскаму заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі і папрасіў аб малітве за яго.







All the contents on this site are copyrighted ©.