2013-07-17 11:01:18

Святы Айцец напісаў ліст да католікаў Брытанскіх астравоў


RealAudioMP3 Католікаў Ірландыі, Шатландыі, Англіі і Уэльса папа Францішак заклікаў абараняць жыццё ад зачацця да натуральнай смерці. Святы Айцец накіраваў пасланне на “Дзень для жыцця”, які штогод адзначаецца на Брытанскіх астравах. Ён падкрэсліў “неацэнную каштоўнасць чалавечага жыцця” і звярнуў увагу, што сёння абароны з боку хрысціян патрабуюць самыя слабыя і ўразлівыя асобы: хворыя, пажылыя, ненароджаныя і бедныя. Яны, паводле Папы, з’яўляюцца “шэдэўрамі Божага стварэння, учыненымі паводле Яго вобразу”, пакліканымі да вечнага жыцця, і таму, заслугоўваючымі найвялікшай пашаны і павагі. Францішак выказаў перакананне, што гэты адмысловы Дзень “будзе спрыяць таму, каб чалавечае жыццё заўсёды атрымлівала тую абарону, на якую заслугоўвае”. Тэма Дня: “Захаваць жыццё. Яно таго вартае”, узята з гаміліі, якую кардынал Берголіа прамовіў у 2005 г. на св. Імшы ва ўспамін апекуна цяжарных жанчын, св. Раймонда Наната, іспанскага манаха ХІІІ стагоддзя, які, паводле падання, быў выняты з цела маці, якая памерла напярэдадні.

Сёлета акцэнт пакладзены на ненароджаных дзяцей і іх маці, пажылых і людзей з суіцыдальнымі намерамі і іх сем’і. Канферэнцыя Біскупаў Англіі і Уэльса і ірландская біскупская канферэнцыя неаднойчы заклікалі грамадства Брытанскіх астравоў спрыяць стварэнню клімату спагады і клопату, пакліканага падтрымліваць жыццё, нават у самых цяжкіх і асабістых абставінах.

“Дзень для жыцця” адзначаецца ў Шатландыі ў апошнюю нядзелю мая, у Англіі і Уэльсе – 28 ліпеня, а ў Ірландыі – у першую нядзелю кастрычніка. На інтэрнэт-старонках біскупскіх канферэнцый з гэтай нагоды ўжо размешчаны шматлікія інфармацыйныя матэрыялы. Ва ўсіх парафіях Вялікабрытаніі распаўсюджана больш за паўмільёна ўлётак, якія інфармуюць пра мэту гэтага адмысловага дня і заклікаюць далучыцца да ініцыятывы.







All the contents on this site are copyrighted ©.