2013-07-19 14:28:48

Пантыфік стварыў камісію для рэформы ўстаноў Святога Пасаду


RealAudioMP3 Святы Айцец 18 лiпеня стварыў Папскую рэферэнтную камісію па справах гаспадарча-адміністрацыйных структур Святога Пасаду. Аб гэтым паведаміла 19 ліпеня Зала Друку. Камісія, сумесна з Радай кардыналаў па вывучэнні арганізацыйных і эканамічных праблем Апостальскай Сталіцы, будзе займацца зборам інфармацыі з мэтай падрыхтоўкі праекту рэформы ўстаноў Святога Пасаду для “спрашчэння і рацыяналізацыі існуючых органаў і больш дбайнага планавання эканамічнай дзейнасці ўсіх ватыканскіх устаноў”. Гаворка ідзе пра недапушчэнне “няправільнага выкарыстання эканамічных рэсурсаў”, павышэнне празрыстасці ў працэсе закупкі тавараў і паслуг, паляпшэнне адміністрацыі таварамі і нерухомасцямі, правільнае прымяненне прынцыпаў бухгалтарскага ўліку, а таксама належную рэалізацыю прынцыпаў сацыяльнага і медыцынскага забеспячэння.

Камісія будзе мець магчымасць супрацоўнічаць з рабочай групай з васьмі кардыналаў, створанай папярэдне Папам для распрацоўкі плану рэфармавання Рымскай курыі.

Членамі Камісіі прызначаны эксперты ў “прававых, эканамічных, фінансавых і арганізацыйных пытаннях”. Усе яны – свецкія асобы, толькі сакратар з’яўляецца святаром. Камісія пачне сваю працу ў бліжэйшы час. Першая сустрэча запланавана неўзабаве пасля вяртання Святога Айца з Бразіліі.







All the contents on this site are copyrighted ©.