2013-07-21 09:56:19

Нечаканы візіт Папы ў рымскую базыліку Санта Марыя Маджорэ


RealAudioMP3 20 ліпеня ў другой палове дня папа Францішак наведаў рымскую базыліку Санта Марыя Маджорэ (Маці Божай Большай), каб даручыць Найсвяцейшай Панне Марыі сваё апостальскае падарожжа ў Бразілію. Святы Айцец таксама даручыў Маці Божай маладых людзей, якія прыбудуць на святкаванні Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра, а таксама моладзь з усяго свету. Зала Друку Апостальскай Сталіцы ў сваім спецыяльным паведамленні адзначыла, што візіт меў прыватны характар. Пантыфік увайшоў да святыні праз бакавыя дзверы і адразу ж пайшоў у капліцу, у якой знаходзіцца абраз Маці Божай Salus Populi Romani”- Апякункі рымскага народа. Там яго чакалі канонікі базылікі і супольнасць айцоў дамініканаў. У іх прысутнасці Папа больш за паўгадзіны маліўся ў цішыні перад гэтай марыйнай іконай. Затым склаў букет кветак ля падножжа абраза і запаліў свечку з сімвалічным лагатыпам Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у Рыа. Увесь гэты час базыліка была адкрыта для вернікаў, якіх сабралася шмат. На заканчэнне свайго візіту Папа прывітаў іх перад галоўным алтаром базылікі і папрасіў, каб “ з малітвай, даверам і пакутай” суправаджалі яго падарожжа ў Бразілію і яго сустрэчу з маладдзю ўсяго свету. Увесь візіт працягваўся больш за гадзіну. У 18.00 Святы Айцец вярнуўся ў Ватыкан.

Ян Мойсік







All the contents on this site are copyrighted ©.