2013-07-22 22:28:19

Папа Францішак у Рыа: моладзь – гэта зрэнка нашага вока


RealAudioMP3 Пачалося першае Апостальскае падарожжа Папы па-за межы Італіі. 22 ліпеня самалёт са Святым Айцом на борце прызямліўся каля 16-й гадзіны паводле мясцовага часу ў міжнародным лётнішчы Рыа-дэ-Жанейра. Пантыфік непасрэдна з самалёту, у суправаджэнні сустрэўшых яго кіраўніка і членаў ураду, арцыбіскупа Рыа і прэзідэнта епіскапату краіны накіраваўся ў катэдру, а потым адправіўся ў прэзідэнцкі палац, дзе на адкрытай пляцоўцы адбылася цырымонія прывітання.

У сваёй прамове Францішак падкрэсліў шчыльныя вузы, якія спалучаюць Бразілію з Апостальскай Сталіцай і з наступнікам св.Пятра. “Я ведаю, што, каб быць прынятым бразільскім народам, неабходна прайсці праз браму яго вялікага сэрца”, - сказаў Папа.“Як у апостала, ў мяне няма ані золата, ані срэбра, але прыношу вам больш каштоўнае: Езуса Хрыста”,- працягваў Пантыфік. Францішак адзначыў, што прыбыў на кантынент “ў Яго імя”. Ён патлумачыў, што мэта падарожжа - “ажывіць полымя братэрскай любові, якое гарыць ў кожным сэрцы”. “Жадаю, каб вы прынялі маё прывітанне: Мір Хрыста няхай будзе з вамі”,- звярнуўся Папа да ўсіх, хто яго прыйшоў вітаць. Затым Святы Айцец падкрэсліў, што прыбыў у Бразілію, каб сустрэцца з маладымі людзьмі з усяго свету. “ Іх чакала тут з распасцёртымі абдымкамі статуя Хрыста Збаўцы, якая лунае над горадам”, - сказаў Францішак.


Адносна удзельнікаў СДМ, Папа паведаміў прысутным на цырымоніі: “Яны прыбылі з розных кантынентаў, гавораць на розных мовах, прадстаўляюць розныя культуры, аднак у Хрысце знаходзяць адказы на свае найбольш узнёслыя імкненні, якія іх яднаюць; могуць у Ім заспакоіць голад чыстай праўды і сапраўднай любові. Вось што іх аб’ядноўвае па-над усялякай разнароднасцю.”, - падкрсэліў Святы Айцец і дадаў, што гэта магутная энергія вызваляецца, калі маладыя людзі давяраюць Хрысту.

Папа прызнаўся у сваёй свядомасці таго, што, калі звяртаецца да моладзі, то праз іх таксама звяртаецца да іх бацькоў, іх касцельных супольнасцей і ўсяго грамадства, у якім яны жывуць: да людзей, ад якіх залежыць будучыня новых пакаленняў. “Маладыя людзі з’яўляюцца зрэнкаю нашага вока. Яны, як тое вакно, праз якое святло ўваходзіць у нас, праз якое прыходзіць у свет будучыня, што ставіць перад намі новыя шматлікія выклікі”, - адзначыў Святы Айцец.
Пантыфік нагадаў, што старэйшае пакаленне будзе на вышыні абяцання перад маладымі людзьмі, калі здолее запэўніць ім прастору; калі здолее даць моцны фундамент, на якім можна далей будаваць жыццё; калі здолее гарантаваць бяспеку і адукацыю, каб кожны малады чалавек мог станавіцца тым, кім хоча быць; калі перадасць яму трывалыя каштоўнасці, дзеля якіх варта жыць.


На канец папа Францішак сцвердзіў, што сваім візітам хоча ахапіць увесь бразільскі народ, з яго складаным чалавечым, культурным і рэлігійным багаццем: ад Амазоніі да пампы, ад засушлівых рэгіёнаў поўдня да Пантаналу (вялікай раўніны на поўначы Бразіліі); ад малых вёсак да вялізных метраполій.
Потым Папа пагутарыў з прэзідэнтам краіны і коратка сустрэўся з губернатарам штату Рыа –дэ-Жанейра і мэрам горада з сем’ямі.


Пасля пералёту і сустрэчы Францішак накіраваўся ў рэзідэнцыю арцыбіскупа Сумарэ, дзе будзе маліцца і адпачываць да серады, 24 ліпеня.

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.