2013-07-25 16:11:36

Папа сустрэўся з бразільскімі беднякамі


RealAudioMP3 25 ліпеня 2013 г., пасля цырымоніі благаслаўлення флагаў Алімпійскіх і Паралімпійскі гульняў і ўручэння Папе сімвалічных ключоў ад Рыа-дэ-Жанейра, якая прайшла ў Гарадскім палацы, Францішак какіраваўся ў фавэлы Варжынія – на геаграфічную, маральную і эканамічную перыферыю Рыа. Пантыфік прызнаўся, што прыезд сюды быў яго асабістым жаданнем і рашэннем, і калі б у яго была такая магчымасць, ён “хацеў бы пастукацца ў кожныя дзверы, сказаць “добрай раніцы”, папрасіць кубак халоднай вады, (...) паслухаць сэрца кожнага”. Францішак звярнуў увагу на патрэбу гасціннасці, бо прымаючы “велікадушна кагосьці і дзелячыся з ім чымсці (...) мы не толькі не становімся бяднешымі, але ўзбагачаемся”. “Рэальнае багацце заключаецца не ў рэчах, але ў сэрцы!”, - падкрэсліў Папа. Бразільцы, на думку Святога Айца, могуць даць свету ўрок салідарнасці, таго, аб чым сёння так часта забываюцца або ігнаруюць.

Пантыфік звярнуўся да тых, хто мае больш рэсурсаў і запрасіў іх “нястомна працаваць для свету больш справядлівага і больш салідарнага”. На думку Папы, “ніхто не можа заставацца абыякавым да няроўнасці, якая ўсё яшчэ існуе ў свеце”. Францішак запрасіў да барацьбы з “культурай эгаізму і індывідуалізму”, якая часта пераважае ў грамадствах, і імкнення да “культуры салідарнасці”. Трэба глядзець на іншага чалавека як на брата, а не канкурэнта або лічбу, нагадаў Пантыфік. Не будзе гармоніі і шчасця ў грамадстве, якое ігнаруе, выдаляе на перыферыі частку самаго сябе, дадаў ён, маючы на ўвазе бедных.

Апрача беднасці матэрыяльнай і голаду хлеба, існуе больш глыбокі голад – шчасця, які можа задаволіць толькі Бог, заўважыў Папа. Таму грамадству патрэбны нематэрыяльныя даброты: жыццё, сям’я, інтэгральная адукацыя, клопат аб здароўі і бяспека, дадаў ён. Пантыфік папрасіў маладых людзей – жыхароў фавэл – не расчароўвацца ў не заўсёды справядівай рэальнасці і стаць першымі, хто будзе несці дабро і адмаўляцца ад зла.

Па выніках перапісу насельніцтва з 2010 г., 11% са 195 млн. жыхароў Бразіліі жыве ў больш за 6 млн. фавэл. Многія з іх – гэта маладыя людзі.







All the contents on this site are copyrighted ©.