2013-07-27 15:17:04

Пантыфік запрасіў біскупаў і святароў задумацца над сваім пакліканнем


RealAudioMP3 Задумацца над сваім пакліканнем запрасіў папа Францішак біскупаў, святароў, семінарыстаў, законнікаў і законніц, сабраных у архікатэдры Рыа-дэ-Жанейра 27 ліпеня. Святы Айцец нагадаў, што кожны з прысутных на св. Імшы пакліканы Богам да абвяшчэння Евангелля і садзейнічання “культуры сустрэчы”. Толькі “жыццё ў Хрысце” забяспечвае эфектыўнае служэнне, а не нейкая “душпастырская крэатыўнасць” або сустрэчы і планаванне, падкрэсліў Папа і заклікаў духавенства да вернасці ў малітоўным жыцці, штодзённай сустрэчы з Хрыстом у Эўхарыстыі і асобах, найбольш патрабуючых. Пакліканне біскупа, святара і законніка Пантыфік бачыць у імкненні “распаліць у сэрцах моладзі жаданне быць вучнямі і місіянерамі Езуса”. Многія з іх баяцца стаць місіянерамі, але “быццё вучнямі-місіянерамі з’яўляецца следствам хросту, неад’емнай часткай хрысціянскага жыцця”. Каб быць місіянерам не заўсёды трэба пакідаць сваю Радзіму, заўважыў Францішак, “першым месцам”, дзе трэба евангелізаваць, з’яўляецца ўласны дом, асяроддзе навучання ці працы, сям’я і сябры”.

Не шкадаваць сіл для фарміравання маладых людзей, заклікаў Папа і дадаў, што трэба дапамагчы моладзі “адкрыць для сябе мужнасць і радасць веры”, “выхоўваць іх да місіі”. “Мы не можам заставацца зачыненымі ў парафіі, у нашых супольнасцях, калі так шмат людзей чакаюць Евангелля!”, - падкрэсліў Францішак. На яго думку, “не дастаткова толькі адкрыць дзверы, каб прыняць кагосьці, але трэба выйсці праз гэтыя дзверы, каб шукаць і сустракаць”, перш за ўсё тых, хто знаходзіцца на перыферыі, далёка ад нас, “хто звычайна не прыходзіць у парафію”.

Гэтаму, на думку Пантыфіка, дапаможа “культура сустрэчы”. На вялікі жаль, заўважыў Святы Айцец, зараз пераважае “культуры выключэння” і “культура адчужэння”, у якой “няма месца ні для старога, ні для нежаданага дзіцяці”. У такой культуры “няма часу, каб спыніцца з бедным на ўзбоччы дарогі”. Часам здаецца, сказаў Папа, што “для некаторых міжчалавечыя адносіны рэгулююцца двума сучаснымі “догмамі”: эфектыўнасцю і прагматызмам”. Францішак заклікаў біскупаў, святароў, законнікаў і семінарыстаў “ісці супраць плыні” такіх тэндэнцый і замест іх прапанаваць свету “салідарнасць і братэрства”.

Трэба адзначыць, што падчас Эўхарыстыі Пантыфік выкарыстаў тэксты св. Імшы аб евангелізацыі народаў, якія маюць выразна місійную накіраванасць. Падчас літургіі гучаў грыгарыянскі харал у выкананні хору семінарыстаў архідыяцэзіі Рыа-дэ-Жанейра.







All the contents on this site are copyrighted ©.