2013-07-28 13:58:11

Падчас СДМ да “Твітэру” Папы далучылася больш за 1 млн. чалавек


RealAudioMP3 За апошнія 10 дзён да акаўнта Святога Айца ў “Твітэры” далучылася больш за 1 млн. чалавек. 28 ліпеня колькасць чытачоў Папы ў гэтай сацыяльнай сетцы дасягнула 8 633 000 чалавек. Трэба адзначыць, што з моманту абрання Францішка на Пасад св. Пятра, колькасць людзей, якія рэгулярна чытаюць твіт-паведамленні на акаўнце @pontifex павялічылася амаль у тры разы – з 3 млн. да 8 млн. адпаведна. Самымі папулярнымі з 9 моўных старонак “Твітэра” Святога Айца з’яўляюцца іспанская і англійская (3,1 млн і 2,7 млн. чытачоў). На працягу апошняга тыдня ў сваіх кароткіх паведамленнях Францішак дзяліўся галоўнымі думкамі са сваіх прамоў, скіраваных да моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра. Перад набажэнствам Крыжовага шляху на ўзбярэжжы Копакабана Папа напісаў, што “няма ў нашым жыцці вялікага ці маленькага крыжа, які Пан не дзяліў бы з намі”. Пасля сустрэчы з членамі бразільскага епіскапата Францішак адзначыў, што “біскупы – гэта пастыры Божага народа” і заклікаў ісці за імі “з даверам і адвагай”. Звяртаючыся да моладзі праз “Твітэр” 27 ліпеня, Папа падкрэсліў, што вернікі не могуць “заставацца закрытымі ў парафіях і супольнасцях у той час, як многія людзі чакаюць Евангелля”. Пасля сённяшняга вігілійнага чування Францішак заклікаў маладых людзей быць сапраўднымі “Божымі атлетамі” і “граць у камандзе” Хрыста.








All the contents on this site are copyrighted ©.