2013-07-28 11:38:02

Прадстаўнік Святога Пасаду пра погляд Папы на палітыку


RealAudioMP3 Папа Францішак запрасіў па-іншаму паглядзець на палітыку, адзначыў 28 ліпеня кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду, спасылаючыся на ўчарашнюю сустрэчу Папы з кіраўнічымі коламі Бразіліі. Пантыфік заклікаў да “рэабілітацыі палітыкі, як вышэйшай формы любові” і вяртання да “грамадскай пакоры”. Такі падыход кс. Ламбардзі назваў інавацыйным. Таксама Францішак нагадаў палітыкам аб сапраўдным сэнсе свецкасці дзяржавы і месцы рэлігіі ў грамадстве. Свецкая дзяржава, ясна сказаў Пантыфік, павінна гарантаваць мірнае суіснаванне розных рэлігій. Сёння шырока распаўсюдзілася няправільнае паняцце свецкасці, таму, на думку кс. Ламбардзі, Святы Айцец так моцна акцэнтаваў менавіта гэты аспект, асуджаючы з’яву, калі секулярызм ставіць рэлігію па-за грамадскім жыццём, асабліва ў Еўропе. Рэлігійным супольнасцям ёсць што сказаць грамадству. Менавіта гэту формулу вельмі ясна агучыў Папа. З іншага боку, на думку Пантыфіка, рэлігія не павінна навязвацца. І ў гэтым, паводле яго, заключаецца “культура сустрэчы”.

Кс. Ламбардзі спаслаўся на выступленне Папы перад бразільскім епіскапатам і адзначыў, што Францішак носіць у сабе ідэю Касцёла больш сінадальнага і калегіяльнага, які ўносіць свой уклад у служэнне Наступніка св. Пятра з акцэнтам на паўсюднае адзінства. Для Папы ідэя сінадальнасці, гэта разнастайнасць сіл, досведу, перспектыў у Касцёле, адзначыў кіраўнік Залы Друку. Францішку важна стварыць адзінства, так неабходнае зараз Касцёлу. Для яго важна рэалізаваць ідэю зносін, любові, пастаяннага дыялогу. На думку кс. Ламбардзі, гэты пантыфікат будзе пантыфікатам сінадальнасці і калегіяльнасці, непасрэднага ўдзелу іерархаў у кіраванні паўсюдным Касцёлам у дыялогу з Пятровым служэннем. Асновай для такой культуры сустрэчы ўнутры Касцёла для Францішка з’яўляецца Евангелле, падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасаду.







All the contents on this site are copyrighted ©.