2013-07-28 13:24:54

Францішак падчас Вігіліі з моладдзю: Езус кліча “граць у Яго камандзе”


RealAudioMP3 Папа заклікаў маладых людзей быць сапраўднымі місіянерамі і будаўнікамі Касцёла. Ён звярнуўся да удзельнікаў малітоўнага чування на узбярэжжы Копакабана, якое прайшло ў ноч з 27 на 28 ліпеня ў рамках Сусветных дзён моладзі. Нягледзячы на халоднае і дажджлівае надвор’е, на сустрэчы з Пантыфік прысутнічала больш за 2 млн. чалавек. У сваёй прамове Папа нагадаў гісторыю св. Францішка Асізскага, які пачуў заклік Езуса: “Ідзі і аднаві мой дом”. Паступова святы зразумеў, што гаворка ішла не пра тое, каб стаць звычайным будаўніком і аднавіць дом з каменю, але зрабіць свой унёсак у жыццё Касцёла: пачаць служыць Касцёлу, любячы яго і працуючы, дзеля таго, каб у ім усё больш адлюстроўвалася аблічча Езуса. “Таксама і сёння Пан працягвае мець патрэбу ў маладых людзей для Касцёла, кліча ісці за Ім у Касцёле і быць місіянерамі”, - сказаў Папа.

Францішак адзначыў, што сёння існуе патрэба ў сейбітах Евангелля. Езус жадае, каб сучасны чалавек дазволіў Яго слову пранікнуць у сваё сэрца. “Калі ласка, дазвольце Хрысту і Яго слову увайсці ў ваша жыццё!”, - заклікаў маладых людзей Пантыфік і запрасіў іх быць сапраўднымі хрысціянамі і не жыць у ілюзіі свабоды, ідучы за модай і папулярнымі меркаваннямі. “Езус – гэта дарога, праўда і жыццё”, - нагадаў Папа.

Францішак заклікаў моладзь “граць у яго камандзе Хрыста”, бо “Езус прапануе нам нешта большае за Кубак свету! Ён нам дае магчымасць плённага і шчаслівага жыцця, дае бясконцую будучыню з Ім”, - сказаў Пантыфік. Таму, на думку Святога Айца, трэба заўсёды “быць у форме”, каб без страху сустракаць розныя жыццёвыя сітуацыі, несці сведчанне веры праз дыялог з Езусам, праз удзел у сакрамэнтах, братэрскую любоў, здольнасць слухаць, разумець, прабачаць, прымаць, дапамагаць усім без выключэння.

Паводле Францішка, сэрца маладога хрысціяніна павінна быць добрай глебай, што прымае Божае слова. “Калі намагаемся жыць як хрысціяне, тады бачым, што ніколі не бываем самотнымі – з’яўляемся часткай сям’і братоў, якія ідуць адным шляхам: мы частка Касцёла, больш за тое – становімся будаўнікамі Касцёла і галоўнымі дзеючымі героямі гісторыі”, - сказаў Папа. Ён адзначыў, што Езус кліча моладзь будаваць Яго Касцёл не кшталту каплічкі для маленькай групкі, але такі, які зможа ўмясціць у сябе ўсё чалавецтва. “Ён кажа табе і мне: ідзіце і навучайце усе народы”, - падкрэсліў Францішак і нагадаў адказ Маці Тэрэзы, калі яе спыталі, што перш за ўсё павінна змяніцца ў Касцёле. “Ты і я!”, - адказала благаслаўлёная з Калькуты.








All the contents on this site are copyrighted ©.