Папа да іерархаў Лацінскай Амерыкі: пазбаўляцца ад “псіхалогіі ўладароў” і нездаровых
амбіцый
На заканчэнне Сусветных
дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра 28 ліпеня Францішак сустрэўся з каардынацыйным камітэтам
Рады епіскапатаў Лацінскай Амерыкі (CELAM) – структуры, якая аб’ядноўвае біскупскія
канферэнцыі гэтага рэгіёна. Да іх Папа звярнуўся з шырокай прамовай, у якой закрануў
пытанні, актуальныя для Касцёла на ўсіх кантынентах. Ён нагадаў, што генеральная асамблея
лацінаамерыканскіх епіскапатаў, якая прайшла ў 2007 г. у бразільскай Апарэсідзе, падкрэсліла
патрэбу “душпастырскага навяртання”. Францішак запрасіў іерархаў адказаць на пытанне:
якія прыярытэты зараз мае святарскае служэнне, душпастырскія ці адміністрацыйныя.
Пантыфік падкрэсліў, што ў першую чаргу місія Касцёла павінна разумецца як служэнне
Божаму народу, а не ўпраўленне арганізацыяй. Святы Айцец спытаў біскупаў, на колькі
цэняцца свецкія вернікі ў Касцёле, “ці на самой справе ім давяраецца місійная дзейнасць”,
ці іерархі і святары “падтрымліваюць і суправаджаюць іх”, не паддаючыся спакусам маніпулявання
імі і патрабавання празмернага падпарадкавання з іх боку.
У цэнтры ўвагі Пантыфіка
былі таксама адносіны Касцёла са светам. Ён нагадаў, што фундаментам для дыялогу павінны
быць “радасці, надзеі, смуткі і трывогі людзей нашага часу, асабліва бедных і пакутуючых”.
Папа заклікаў біскупаў быць уважлівымі да новых форм камунікацыі.
Святы Айцец
нагадаў аб трох фундаментальных небяспеках, з якімі сустракаецца сёння Касцёл: “ідэалагізацыі
евангельскага паслання”, “функцыяналізме” – пагоні за эфектыўнасцю, калі Касцёл разумеецца
як нейкая недзяржаўная арганізацыя – і “клерыкалізме”, які, на думку Папы, сведчыць
аб недахопе сталасці і свабоды з боку духавенства.
Францішак завяршыў свой
зварот заклікам да іерархаў, “быць пастырамі, блізкімі да людзей”, цярплівымі і міласэрнымі.
Паводле Пантыфіка, біскупы і святары павінны любіць беднасць, у тым ліку і тую, якая
праяўляецца знешне, пазбаўляцца ад “псіхалогіі ўладароў” і нездаровых амбіцый.