2013-07-31 13:22:12

Францішак зацвердзіў тэму наступнага Сусветнага дня міру


RealAudioMP3 “Братэрства – фундамент і шлях да міру”, - так гучыць тэма наступнага 47-га Сусветнага дня міру, які штогод адзначаецца па ініцыятыве Каталіцкага Касцёла 1 студзеня. Яе зацвердзіў асабіста папа Францішак. Такім чынам, ён заклікае разглядаць братэрства ў якасці асновы міру. Ад самага пачатку свайго служэння на пасадзе Біскупа Рыма ён запрашае да “культуры сустрэчы”, каб разам ісці да свету больш справядлівага і мірнага. У спецыяльным паведамленні, апублікаваным 31 жніўся Залай Друку Святога Пасаду, адзначаецца, што “братэрства з’яўляецца спадчынай, якую кожны мужчына і жанчына носіць у сабе ў сілу таго, што з’яўляецца чалавекам, сынам адзінага Айца". Таму, перад абліччам “беднасці, голаду, недаразвіцця, канфліктаў, міграцыі, забруджвання навакольнага асяроддзя, няроўнасці, несправядлівасці, арганізаванай злачыннасці, фундаменталізмаў – братэрства з’яўляецца фундаментам і шляхам да міру”. Дамінуючая культура дабрабыту, гаворыцца ў паведамленні, спрыяе аслабленню адказнасці і братэрскіх адносін. Бліжні часта ўспрымаецца як вораг, а бедны і патрабуючы разглядаецца як “цяжар” або “перашкода для развіцця”.

Звяртаецца ўвага на тое, што “глабалізацыя абыякавасці павінна саступіць месца глабалізацыі братэрства”, а братэрства павінна ўвайсці ва ўсе сферы жыцця чалавека, уключаючы эканамічную, фінансавую, грамадскую, палітычную, навуковую, культурную. Папа Францішак прапануе усім шлях братэрства, каб надаць свету больш гуманнае аблічча, гаворыцца ў паведамленні Залы Друку.








All the contents on this site are copyrighted ©.