2013-08-06 11:00:49

Ідэі Паўла VI праз 35 гадоў і пантыфікат Францішка


RealAudioMP3 6 жніўня 2013 г. адзначаецца 35-годдзе з дня смерці папы Паўла VI. Ватыканская газета ўзгадала самыя яркія ідэі яго пантыфікату. Павел VI стаў апошнім Пантыфікам, які надзеў тыяру. Цырымонія яго каранацыі прайшла 30 чэрвеня 1963 г. на плошчы св. Пятра, у апошні раз у гісторыі Каталіцкага Касцёла. Ён быў добра падрыхтаваны да папскага служэння пасля трыццаці гадоў працы ў Рымскай курыі і дзевяці гадоў у якасці кіраўніка найбуйнейшай каталіцкай дыцэзіі ў свеце – Міланскай. Але ключ да пантыфікату Паўла VI “L’Osservatore Romano” прапануе шукаць перш за ўсё ў містычным вымярэнні яго жыцця. Па прыкладзе св. Аўгустына, галоўнага духоўнага настаўніка Джавані Батыста Манціні, апошні імкліва ішоў да Бога і спалучаў гэта з захапленнем і здзіўленнем. На самой справе, Павел VI быў містыкам, які валодаў мовай свайго ўласнага досведу, адзначае ватыканскі штодзённік.

Любоў да Касцёла была фактарам існавання Паўла VI і менавіта яна падштурхнула яго прыйсці да кіравання Лодкай Пятра ў часы рэформ, якія ён разумеў як зварот да сучаснага чалавека. Гэта пацвердзіла “праграмная” энцыкліка Пантыфіка “Ecclesiam Suam”, дзе былі вызначаны дзве лініі яго пантыфікату: дыялог жыцця і збаўлення са светам і аднаўленне поўнага адзінства сярод хрысціян.

Для Паўла VI Касцёл толькі тады можа па-сапраўднаму даць Евангелле свету, калі глыбока перажывае таямніцу сваёй любові да Хрыста. Сапраўды знакавымі ў той час сталі заявы Папы аб тым, што Касцёл павінен уступіць у дыялог са светам, у якім жыве, бо яму ёсць, што сказаць свету. Сучасны менталітэт, паводле Святога Айца, толькі тады зразумее Касцёл, калі апошні будзе адзначацца любоўю, надзеяй, евангелізацыяй і бясконцай вернасцю Хрысту. Павел VI адзначаў, што ніхто не можа быць чужым і абыякавым для Касцёла.

Святы Айцец меў вострае пачуццё неабходнасці адзінства вучняў Хрыста. Яго пантыфікат стаў пошукам поўных зносін перш за ўсё з Праваслаўнымі Цэрквамі. Яго сяброўства з Патрыярхам Афінагорам з’яўляецца адным з найбольш яркіх прыкладаў гэтага. Ён ініцыяваў стварэнне сакрэтнай афіцыйнай камісіі, што складалася з двух католікаў і двух праваслаўных, якая ў 1971 г. прадставіла даклад, сцвярджаючы, што канцэлебрацыя паміж Паўлам VI і Афінагорам магчыма. Пасля гэтага Папа напісаў Патрыярху: “Паміж нашым Касцёлам і шаноўнымі Праваслаўнымі Цэрквамі ўжо існуе камунія, што з’яўляецца амаль поўнай. Святы Дух дазволіў у апошнія гады аднавіць жывое ўсведамленне гэтага факту. Ён укладвае ў нашы сэрцы цвёрдую рашучасць зрабіць усё магчымае, каб наблізіць дзень, калі ён таго пажадае, калі падчас канцэлебрацыі нас зможа аб’яднаць адзін келіх Пана”.

“L’Osservatore Romano” піша, што імкненне да ачышчэння Касцёла і яго членаў, евангелізацыя, пакора і дыялог са светам, эклезіялогія “братніх” Царкваў – гэты фундаментальныя восі пантыфікату Паўла VI цалкам адпавядаюць кіруючым прынцыпам папы Францішка. Сапраўды, ідэі Паўла VI не страцілі сваёй актуальнасці да сённяшняга дня, заключае ватыканскае выданне.







All the contents on this site are copyrighted ©.