2013-08-07 10:37:54

Пантыфік накіраваў відэа-пасланне аргентынцам


RealAudioMP3 Святы Айцец звярнуўся з відэа-пасланнем да сваіх суайчыннікаў, сабраных у санктуарыі св. Каетана, размешчанага ў адным з перыферыйных раёнаў Буэнас-Айрэса. Папа Францішак спаслаўся на тэму сёлетняга святкавання: “З Езусам і св. Каетанам ідзём на сустрэчу з найбольш патрабуючымі”, і запрасіў вернікаў не забывацца пра асоб, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Пантыфік заклікаў “падаць ім руку”, “глядзець на іх з любоўю”, “падзяляць іх боль, трывогі і праблемы”. “Але галоўнае, не глядзець на іх здалёк або дапамагаць ім здалёк”, - заўважыў Святы Айцец і дадаў, што трэба сустракацца з такімі людзьмі, бо ў гэтым сэнс паслання Хрыста – ісці на сустрэчу з тымі, якія жывуць у нястачы. Ён запрасіў “глядзець у вочы” тым, каму даём міласціну.

“Езус вучыць нас перш за ўсё сустракацца, і, сустракаючыся, дапамагаць”, - нагадаў Папа і запрасіў фарміраваць “культуру сустрэчы”, асабліва ў кантэксце “сямейных бязладзіц”, “праблем у асяроддзі”, “непрыемнасцяў на працы”. Паводле пераканання Папы, не трэба баяцца сустракацца з тымі, хто мае патрэбу ў нас, “хто перажывае дрэнныя часы”, горшыя за нашы. “Заўсёды ёсць нехта, каму цяпер горш!”, - падкрэсліў Пантыфік і дадаў, што менавіта з гэтым чалавекам хрысціянін павінен сустрэцца. Ён запрасіў аргентынцаў шукаць тых, якія жывуць у нястачы, і не пакідаць іх самотнымі. “Ідзі, каб дапамагчы ім, усё астатняе будзе зроблена Езусам, усё зробіць Святы Дух”, - заклікаў аргентынскіх вернікаў Францішак і дадаў, што “сустрэча памнажае здольнасць любіць”.

Св. Каетан з’яўляецца патронам Аргентыны. Штогод 7 жніўня, ва ўспамін смерці святога, тысячы аргентынцаў сустракаюцца ў яго санктуарыі ў Буэнас-Айрэсе. Галоўную св. Імшу ў гэты дзень на працягу кіравання архідыяцэзіяй узначальваў кардынал Берголіа, сённяшні папа Францішак.







All the contents on this site are copyrighted ©.