2013-08-08 13:43:59

Апостальскі ліст Папы адносна барацьбы з фінансавымі злачынствамі


RealAudioMP3 8 жніўня быў апублікаваны Апостальскі ліст папы Францішка ў форме “motu proprio” адносна барацьбы з фінансавымі злачынствамі. Працягваючы дзейнасць Бэнэдыкта XVI у сферы барацьбы з незаконнымі аперацыямі ў фінансавай сферы, Францішак, сваім Апостальскім лістом, пацвярджае намер Святога Пасаду супрацьстаяць адмыванню грошай, фінансаванню тэрарызма і распаўсюджванню зброі масавага знішчэння. Папа адзначыў, што жадае “пацвердзіць гатоўнасць Апостальскай Сталіцы карыстацца прынцыпамі і юрыдычнымі прыладамі распрацаванымі міжнароднай супольнасцю” у гэтай сферы. Паводле новага дакумента Пантыфіка, усе дыкастэрыі Рымскай курыі, структуры і супрацоўнікі Апостальскай Сталіцы, некамерцыйныя арганізацыі, якія маюць юрыдычны і кананічны статус і знаходзяцца на тэрыторыі горада-дзяржавы Ватыкан, абавязаны дзейнічаць у адпаведнасці з ватыканскімі законамі у сферы барацьбы з адмываннем грошай, фінансаваннем тэрырызма, а таксама прытрымлівацца мераў прынятых супраць суб’ектаў, якія пагражаюць міру і міжнароднай бяспецы.

Дакумент прадугледжвае строгі кантроль за ватыканскімі ўстановамі звязанымі з фінансавай дзейнасцю. Яго належыць ажыцяўляць Аддзелу фінансавай інфармацыі Апостальскай Сталіцы. Гэта мера прымаецца па рэкамендацыі камітэта Савета Еўропы па барацьбе з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызма “Moneyval”.

У Апостальскім лісце Святога Айца гаворка ідзе таксама пра страрэнне Камітэта фінансавай бяспекі, статут якога дададзены да папскага дакумента. Мэта гэтай структуры заключаецца ў каардынацыі дзейнасці кампетэнтных органаў Апостальскай Сталіцы і горада-дзяржавы Ватыкан у сферы прадухілення і барацьбы з адмываннем грошай, фінансаваннем тэрарызма і распаўсюджваннем зброі масавага знішчэння.








All the contents on this site are copyrighted ©.