Францішак да аргентынцаў: баюся тых, хто думае, што ўсё ведае
“Крочыць, станавіцца
вучнямі і абвяшчаць” – так папа Францішак апісаў абавязкі добрага хрысціяніна. Святы
Айцец скіраваў пасланне з нагоды 50-годдзя стварэння аргентынскай дыяцэзіі Кансэпсіён.
У сваім звароце на імя біскупа Жазэ Марыя Росі, Пантыфік нагадаў, як шмат гадоў таму,
яшчэ будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, праводзіў духоўныя практыкаванні для святароў
гэтай дыяцэзіі, таму зараз хоча “адкрыць сэрца на ўсіх вернікаў (...), каб паяднацца
з кожным у гэтым святкаванні”. Гаворачы пра сваё прадстаўленне аб добрых хрысціянах
Святы Айцец адзначыў, што іх можна ахарактарызаваць з дапамогай трох слоў: “крочыць,
станавіцца вучнямі і абвяшчаць”. “Вы ведаеце, што я баюся ціхіх хрыціян. Яны заканчваюць
тым, што становяцца як талая вада”, - адзначыў Пантыфік. Таксама Папа падзяліўся,
што “баіцца тых, хто думае, што ведае ўсё, педантаў”. Паводле Святога Айца, такія
людзі часта закрываюць сваё сэрца перад Панам і канцэнтруюцца толькі на ўласным жыцці.
“Можна іх назваць хрысціянамі для саміх сябе”, - падкрэсліў Францішак.
Пантыфік
адзначыў, што калі чалавек сустракае Езуса, перажывае момант здзіўлення і адчувае
патрэбу шукаць Яго ў малітве, чытанні Евангелля. “Адчувае патрэбу пакланяцца Яму,
пазнаваць... і нарэшце, абвяшчаць”. “Вось трэццяе слова – абвяшчаць. Яно азначае быць
вучнямі, несці братам імя, навучанне і жэсты Езуса. Такім чынам хрысціянін крочыць,
перамяняецца ў вучня і абвяшчае. Не спыняецца. Выходзіць па-за самаго сябе, каб абвяшчаць
братам Добрую навіну Езуса”, - падкрэсліў Папа.