2013-08-17 10:50:20

Францішак падзякаваў Касцёлу ў Бразіліі за СДМ


RealAudioMP3 Папа Францішак падзякаваў арцыбіскупу Апарэсіды і старшыні бразільскага епіскапата кардыналу Раймунду Дамасэну Ассісу за гасціннасць і адкрытасць аказаныя яму падчас пілігрымкі ў санктуарыі Маці Божай у Апарэсіде ў рамках Сусветных дзён моладзі. Святы Айцец наведаў гэта месца 24 ліпеня. Тут ён узначаліў Эўхарыстыю і меў магчымасць сустрэцца з мясцовымі біскупамі і семінарыстамі. Пантыфік адзначыў, што захоўвае “глыбока ў памяці і сэрцы” успаміны пра гэту падзею, а таксама вялікую колькасць людзей, якія “нягледзячы на холад і дождж”, пажадалі суправаджаць яго ў гэтай пілігрымцы. “Без сумніваў, гэта была цудоўная магчымасць перажыць успаміны аб маім прабыванні ў санктуарыі, падчас V Канферэнцыі епіскапата Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна”, - адзначыў Папа, успамінаючы пра падзею 2007 г. на якой ён прысутнічаў у якасці арцыбіскупа Буэнас-Айрэса.

Францішак даверыў Маці Божай усіх жыхароў кантынента і папрасіў кардынала Ассіса перадаць падзяку ўсім біскупам, святарам і прадстаўнікам касцёльных супольнасцяў, якія спрычыніліся да падрыхтоўцы Сусветных дзён моладзі. Папа выразіў перакананасць, у тым, што гэта “свята веры прынясе ласкі для Касцёла ў Бразіліі”, а пасеяныя зерні паспрыяўюць наступленню новай вясны ў Касцёле ў гэтай краіне.








All the contents on this site are copyrighted ©.