Францішак: самая вялікая беднасць – адсутнасць Хрыста
“Улада баіцца людзей,
якія знаходзяцца ў дыялогу з Богам, таму што гэта іх робіць свабоднымі і непаддатнымі
на асіміляцыю”, – гаворыцца ў пасланні, якое папа Францішак скіраваў 18 жніўня да
ўдзельнікаў “Сустрэчы за мір паміж народамі”. Форум ужо ў 34-ты раз праходзіць у італьянскім
Рыміні. Яго арганізатарам з’яўляецца каталіцкі рух “Камунія і вызваленне”, а сёлетняя
тэма: “Чалавек: надзвычайнае становішча”. Працягнецца мерапрыемства з 18 па 24 жніўня.
У пасланні, якое Пантыфік скіраваў за подпісам кардынала Дзяржсакратара Тарчызіо Бэртонэ,
адзначаецца, што для Касцёла, чалавек заўсёды з’яўляецца шляхам. “Гэта праўда застаецца
актуальнай таксама і ў наш час, у які Касцёл, ва ўсё больш глабалізаваным і віртуальным
свеце, ва ўсё больш секулярызаваным і пазбаўленым моцных апораў грамадстве, пакліканы
раскрыць сваю місію, праз канцэнтрацыю на самым важным і шукаючы новых шляхоў для
евангелізацыі”, - напісаў Святы Айцец.
Паводле Папы, чалавек, гэта “шлях Касцёла”,
таму што гэтым шляхам прайшоў сам Езус. “Ад самага світанку чалавецтва, пасля першароднага
граху, Бог шукаў чалавека” і гэты пошук дасягнуў свайго найвышэйшага выразу ва ўцелаўленні
Хрыста. Таму, калі не ўглядацца ў Езуса і не разважаць над Яго таямніцай, нельга зразумець
праўду пра чалавека.
Паводле Францішка, акрамя Бога, у пошуку чалавека, пэўным
чынам, зацікаўлены гэты свет: эканамічныя, палітычныя, медыйныя улады “часта імкнуцца
маніпуліраваць масамі, навязываць ім жаданні, і знішчаюць самае каштоўнае з таго,
што ён мае: адносіны з Богам”. Вось чаму чалавек знаходзіцца ў надзвычайным небяспечным
становішчы.
“Якую вялікую адказнасць мы маем!”, - напісаў Папа заклікаўючы
вярнуць сучаснаму чалавеку яго найвышэйшую годнасць, сакральнасць яго асобы і адносіны
з Богам. “Пойдзем на сустрэчу з усімі, не чакаючы пакуль іншыя пачнуць шукаць іх!
Будзем падобнымі на нашага боскага Настаўніка, які пакінуў сваё неба, каб стаць чалавекам
і быць блізка да кожнага. Не толькі ў касцёлы і парафіі, але ва ўсе асяродкі прынясём
водар любові Хрыста”, - заклікаў Святы Айцец.
Францішак нагадаў, што заданнем
Касцёла і такім чынам кожнага хрысціяніна, з’яўляецца служэнне чалавеку, ідучы і шукаючы
яго ў самых схаваных сацыяльных і духоўных “меандрах”.
“Існуе духоўная беднасць,
якая захапіла сучаснага чалавека. Мы бедныя любоўю, маем прагу праўды і справядлівасці
(...) Але самай вялікай беднасцю з’яўляецца адсутнасць Хрыста, і калі не нясём Хрыста
людзям, робім мала для іх”, – напісаў Святы Айцец.