2013-09-10 17:57:13

Францішак да бежанцаў: кожны з вас нясе ў сабе багацце


RealAudioMP3 10 верасня папа Францішак наведаў рымскі езуіцкі цэнтр дапамогі бежанцам і мігрантам “Astalli”. Святы Айцец прыбыў у той час калі сотні людзей, стаялі каля ўваходу ў цэнтр, каб атрымаць пасілак. Папа паразмаўляў з імі, а затым накіраваўся ў саму установу – ён прайшоў тым самым шляхам, якім штодзённа праходзяць сотні людзей, вымушаных пакінуць родную зямлю ў пошуку хлеба, міра і павагі да сваіх правоў. Па дарозе Святы Айцец сустрэўся з валанцёрамі якія працуюць у цэнтры, супрацоўнікамі, якія аказваюць прававую дапамогу бежанцам і мігрантам, урачамі і аптэкарамі. Францішак наведаў капліцу цэнтра “Astalli”. Тут ён выслухаў сведчанні некаторых мігрантаў, а затым звярнуўся да сабраных з прамовай. “Кожны з вас, дарагія сябры, нясе з сабой жыццёвую гісторыю, якая кажа пра драмы вайны, канфлікты, часам звязаныя з міжнароднай палітыкай. Але кожны з вас перш за ўсё нясе чалавечае і рэлігійнае багацце, якога не трэба баяцца, а якое трэба прыняць. Многія з вас мусульмане, іншых рэлігій; вы паходзіце з розных краін, з розных сітуацый. Мы не павінны баяцца адметнасцяў!”, - сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што каб прыбыць у Рым, многім давялося зрабіць цяжкае і небяспечнае падарожжа. “Я асабліва думаю пра жанчын, пра маці, якія пераносяць усё гэта, каб забяспечыць сваім дзецям будучыню і надзею на іншае жыццё для сябе і сваіх сем’яў. Рым павінен быць горадам, які дазволіць вярнуць чалавечае вымярэнне, дазволіць зноў пачаць усміхацца”, - пажадаў Святы Айцец.

Францішак выразіў падзяку ўсім, хто дапамагае мігрантам і бежанцам. “Пакажыце, што гасціннасцю і братэрствам можна адкрыць вакно ў будучыню, больш чым вакно – браму”, - заклікаў Папа.

Святы Айцец засяродзіўся на трох галоўных прынцыпах працы езуітаў і іх паплечнікаў у дапамозе патрабуючым: служэнні, суправаджэнні і абароне.
Ён падкрэсліў, што слова “салідарнасць”, якое звязана са служэннем, наводзіць страх на самую развітую частку свету. “Яго спрабуюць не прамаўляць. Для іх гэта амаль бруднае слова”, - сказаў Папа. Ён заклікаў кожнага адказаць на пытанне: “ці я пахіляюся над тымі хто ў цяжкасцях, ці баюся запэцкаць рукі? Служу толькі мне самаму ці служу іншым, як Хрыстус”.

Пантыфік нагадаў пра важнасць інтэграцыі мігрантаў і бежанцаў у грамадства, іх суправаджэнне. Паводле Папы, мігранты маюць права быць дзейснай часткай свайго новага грамадства і неабходна дапамагаць ім у рэалізацыі гэтага права.

“Служыць і суправаджаць азначае таксама абараняць, станавіцца на бок самых слабых”, - сказаў Францішак. Папа заклікаў, каб абаронай бедных займаліся не толькі “спецыялісты”, але таксама святары, парафіі і рухі, а асаблівым чынам члены манаскіх супольнасцяў. “Дарагія законнікі і законніцы, пустыя манастыры не патрэбны Касцёлу для таго, каб рабіць з іх гатэлі і зарабляць грошы. Пустыя манастыры не нашы, яны для цела Хрыста, якім з’яўляюцца бежанцы”, - сказаў Святы Айцец.

Папа заклікаў, каб хрысціянскія супольнасці станавіліся больш салідарнымі і каб у іх любоў рэалізоўвалася канкрэтным чынам.








All the contents on this site are copyrighted ©.