Францішак: зямля Езуса асаблівым чынам патрабуе надзеі і міра!
13 верасня папа Францішак
сустрэўся з вялікай групай членаў Рыцарскага ордэна Святога Гробу Пана ў Іерусаліме,
якія прыбылі ў Рым, каб супольна абмеркаваць сітуацыю хрысціянскай супольнасці ў Святой
Зямлі. У пілігрымцы прынялі ўдзел больш за 2 тыс. чалавек. Пантыфік адзначыў, што
высока цэніць ініцыятывы ордэна скіраваныя на ўтрыманне святых для хрысціян месцаў
у гэтым рэгіёне і прапанаваў рыцарам паразважаць над трыма паняццямі, аб якіх ужо
казаў на пачатку свайго пятровага служэння: крочыць, будаваць і вызнаваць. Францішак
нагадаў, што шлях у свеце, межы якога пашыраюцца, а бар’еры знікаюць, усё больш становіцца
звязаным са шляхам іншых людзей. “Будзьце сведкамі глыбокага сэнсу, святла, якое нясе
веру; будзьце здольнымі захоўваць вялікае багацце каштоўнасцяў, мудрасць мінулага,
але інтэнсіўна жывучы цяперашнім, працуючы цяпер, гледзячы ў будучыню, адкрываючы
гарызонты надзеі вашай дзейнасцю на карысць больш чалавечага аблічча грамадства”,
- заклікаў Пантыфік.
Паводле Папы крочыць трэба для таго, каб мець магчымасць
будаваць з любоўю. Ён нагадаў, што Рыцарскі ордэн Святога Гробу Пана ў Іерусаліме
з’яўляецца вельмі старажытным і заўсёды быў звязаны з дабрачыннай дзейнасцю. “І сапраўды,
ваша пілігрымка мае таксама дабрачынную мэту, на карысць братоў і сясцёр у Святой
Зямлі, асабліва самых патрабуючых, тых, хто перажывае моманты пакут, прыціску і страху.
Да іх, з вялікай любоўю скіроўваю прывітанне і абдымаю, абяцаючы штодзённую малітву”,
- сказаў Святы Айцец.
Папа падкрсэліў, што шлях будавання нараджаецца з усё
больш глыбокага вызнавання веры, а ўзрастае дзякуючы ўмацаванню духоўнага жыцця і
навучання больш сапраўднаму хрысціянскаму жыццю. Ён заклікаў верыць у адкупляючую
моц крыжа і ўваскрасення, каб несці надзею і мір. “Асаблівым чынам, зямля Езуса гэтага
патрабуе!”, - сказаў Папа і дадаў, што вера не аддаляе ад адказнасці, а наадварот
падштурхоўвае да канкрэтнай дзейнасці на карысць пабудовы лепшага грамадства.