2013-09-16 17:06:25

Папа да святароў: суправаджайце вернікаў і распальвайце іх сэрцы


RealAudioMP3 Мужная крэатыўнасць, навяртанне душпастыраў і іх адкрытасць на вернікаў. Гэта некаторыя тэмы, якія папа Францішак закрануў падчас сустрэчы з духавенствам Рымскай дыяцэзіі. Яна адбылася 16 верасня ў базыліцы св. Яна на Латэране. Звяртаючыся да сабраных святароў Пантыфік падкрэсліў неабходнасць зыходу на “экзістэнцыяльныя перыферыі”, якія між іншым тычацца “слабых і бедных стыляў мыслення”. Падчас сустрэчы Папа адказаў на некаторыя пытанні, канстатуючы, што “Касцёл не разбураецца”, а знаходзіцца ў такім добрым стане як ніколі раней. Пантыфік нагадаў, што некаторыя святыя, як напрыклад Маці Тэрэза з Калькуты, шануюцца вялікай колькасці некатолікаў, а штодзённая святасць шматлікіх мужчын і жанчын “дае надзею”. “Святасць большая за скандалы”, - адзначыў ён. Францішак падзяліўся са святарамі сваімі жыццёвым досведам, расказаў пра служэнне ў Буэнас-Айрэсе і папрасіў аб малітве, асабліва з нагоды 60-годдзя распазнання ім паклікання да святарства, якое будзе адзначаць 21 верасня.

Святы Айцец звярнуў увагу святароў на важнасць пераадолення стомленасці ў выкананні душпастырскай місіі, а таксама чэрпання сілаў у малітве перад табернакулюмам, сяброўстве з іншымі святарамі і біскупам. Паводле Папы, на гэтым шляху, важнай з’яўляецца памяць пра пачатак: пакліканне, паступленне ў семінарыю, святарскае пасвячэнне.

Сярод тэмаў, якія Пантыфік абмеркаваў са святарамі былі праблемы разведзеных асобаў і тых, хто жывуць супольна без шлюба. Ён падкрсэсліў, што іх праблемы не абмяжоўзваюцца толькі магчымасцю ці немагчымасцю прыняцця эўхарыстычнай камуніі, а нашмат глыбейшыя – яны тычацца адказнасці Касцёла за сем’і, якія жывуць у такіх сітуацыях. Папа адзначыў, што дадзеныя пытанні будзе абмеркоўваць з групай кардыналаў на пачатку кастрычніка, а таксама падчас Сінода Біскупаў. Гэту праблему Францішак назваў экзістэнцыяльнай перыферыяй. Паводле Папы, святары павінны “суправаджаць” вернікаў. Ён нагадаў прыклад Езуса, які “суправаджаў і распальваў сэрцы” вучняў на дарозе ў Эмаўс.

Святы Айцец заклікаў рымскіх святароў станавіцца на шлях “мужнай крэатыўнасці” і расказаў пра некаторыя ініцыятывы, сведкам якіх быў у Буэнас-Айрэсе, як напрыклад адкрыццё касцёлаў на працягу ўсяго дня і прысутнасць у іх святароў, для таго, каб кожны чалавек мог паспавядацца.








All the contents on this site are copyrighted ©.