2013-09-17 09:49:26

Кардынал Сандры: законы ў Казахстане не перашкаджаюць рэлігійнай свабодзе


RealAudioMP3 17 верасня закончыўся візіт кардынала Леанарда Сандры, прэфекта Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў у Казахстан. У яго рамках пурпурат асвяціў новы храм пабудаваны ў цэнтры Астаны ў гонар св. Язафата Кунцэвіча. У якасці падарунка Папы ён перадаў мясцовай супольнасці келіх і частку рэліквій гэтага святога, якія захоўваюцца ў ватыканскай базыліцы. У інтэрв’ю ватыканскаму радыё іерарх падзяліўся, што галоўнай мэтай яго падарожжа была сустрэча з грэка-каталіцкай супольнасцю Казахстана, але ён меў таксама магчымасць сустрэцца з католікамі лацінскага абраду, наведаць галоўную сталічную мячэць і паразмаўляць з імамам Астаны. Акрамя таго кардынал Сандры наведаў праваслаўны катэдральны сабор сталіцы Казахстана.

“Я б сказаў, што дзякуй Богу, Казахстан – гэта краіна ў якой ёсць магчымасць рэлігійнага жыцця заснаванага на рэлігійнай свабодзе, на практыкаванні рэлігійнай свабоды, на дыялогу, на ўзаемнай павазе і такім чынам таксама і маленькая каталіцкая супольнасць робіць свой маленькі ўклад у гэты дух згоды і разумення, які існуе паміж усімі рэлігійнымі кампанентамі прысутнымі тут, асабліва з мусульманамі, якіх большасць і Праваслаўнай Царквой. Дзякуй Богу законы дазваляюць практыкаванне рэлігійнай свабоды. Тут пануе атмасфера міра і адзінства паміж усімі”, - падкрэсліў пурпурат.

Кардынал Сандры звярнуў увагу на тое, што падчас кожнай яго сустрэчы ў рамках падарожжа, вернікі былі паяднаны з Папам у малітве за мір у свеце і асабліва ў Сірыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.