2013-09-20 13:20:07

Францішак: мэтай кожнага ўрача заўсёды павінна быць абарона жыцця


RealAudioMP3 Прафесія лекараў, заклік Касцёла да сумлення ўсіх медыкаў ды культура жыцця – на гэтыя тры аспекты звярнуў увагу папа Францішак у сваёй прамове да членаў Міжнароднай федэрацыі асацыяцый каталіцкіх лекараў, якія ў Рыме праводзяць свой форум. Удзельнікі мерапрыемства прыбылі 20 верасня да Клементынскай Залы ў Апостальскім Палацы, каб сустрэцца з Папам. У сваёй прамове да іх Францішак адзначыў, што сёння ў свеце мы заўважаем парадаксальную сітуацыю: з аднаго боку, бачым прагрэс у медыцыне, дзякуючы працы навукоўцаў, з іншага – заўважаем таксама небяспеку ў тым, што лекар губляе сваю ідэнтычнасць у служэнні жыццю. Паводле Папы, культурная дэзарыентацыя паўплывала на асяроддзе, якое здавалася б, з’яўляецца недатыкальным: на медыцыну. “Парадаксальнасць сітуацыі ў тым, што сёння чалавек атрымлівае новыя правы, але пры гэтым не заўсёды абараняецца жыццё як найважнейшая каштоўнасць і асноўнае права кожнага чалавека. Канчатковай мэтай кожнага ўрача павінна заўсёды заставацца абарона і спрыянне жыццю”, - сказаў Францішак.

Паводле Пантыфіка, у гэтым супярэчлівым кантэксце Касцёл заўсёды звяртаецца да сумленняў лекараў, асабліва да гінеколагаў, якія пакліканы да захавання новых чалавечых жыццяў. “Вы маеце ўнікальнае пакліканне і місію, якая патрабуе пастаянных даследаванняў, сумлення і чалавечнасці”, - звярнуўся Папа да іх. Святы Айцец адзначыў, што распаўсюджаны ў сённяшнім свеце менталітэт прыбытку, так званая “культура адкідання”, якая знявольвае сэрцы і розумы многіх, мае высокую патрэбу ў літаральнай ліквідацыі чалавечых істот, асабліва, калі яны фізічна ці сацыяльна слабыя. “Рэчы маюць цану і іх можна прадаваць, але чалавек мае годнасць, якая больш вартая за рэчы і не мае цаны. З-за гэтага ўвага да чалавечага жыцця ва ўсёй яго паўнаце, стала ў апошнім перыядзе сапраўдным і ўласцівым прыярытэтам навучання Касцёла, асабліва адносна самых безабаронных: інвалідаў, хворых, яшчэ ненероджаных, дзяцей і пажылых людзей”, - сказаў Пантыфік. Папа нагадаў медыкам, што яны з’яўляюцца сведкамі і носьбітамі “культуры жыцця”. Паводле Святога Айца медыкі-католікі павінны мець большую адказнасць: перад усім, перад самімі сабою і перад сучаснай культурай, каб яна распазнавала ў чалавечым жыцці трансцэндэнтнае вымярэнне, ад самага пачатку яго зачацця. “З гэтага пункту гледжання, аддзяленні гінекалогіі павінны стаць прывілеяванымі месцамі сведчання і евангелізацыі, таму што там, дзе Касцёл становіцца “носьбітам прысутнасці Бога жывога”, становіцца таксама “прыладай сапраўднай гуманізацыі чалавека і свету”, - азначыў Святы Айцец.

На заканчэнне Францішак адзначыў, што калі ў цэнтры ўвагі медыкаў знаходзіцца чалавек у сваёй слабасці, тады медыцынская ўстанова становіцца “месцам, дзе чалавек атрымлівае медычную дапамогу, але і місійным месцам. “Давер да сістэмы аховы здароўя вымяраецца не толькі павышэннем эфектыўнасці, але, перш за ўсё, увагай і любоўю да чалавека, жыццё якога заўсёды святое і непарушнае”, - сказаў Папа.

Я. Мойсік







All the contents on this site are copyrighted ©.