21 верасня ў архікатэдральным
касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прайшла св. Імша ў інтэнцыі абароны жыцця, дзяцей
і сям’і. Менавіта з гэтай малітвы павінен быў пачацца ў суботу аднайменны агульнанацыянальны
Марш за жыццё, благаслаўленне на правядзенне якога далі кіраўнікі Каталіцкага Касцёла
ў Беларусі і Беларускай Праваслаўнай Царквы. Упершыню ў краіне неабыякавыя людзі былі
гатовы выйсці на вуліцы, каб заявіць у голас аб праблеме абортаў і аб страце традыцыйных
сямейных каштоўнасцяў. Але… “па арганізацыйных пытаннях” марш неўзабаве быў адменены.
Але гэта не адмяняе праблемы, якая існуе ў краіне. Беларусь займае чацвёртае
месца ў свеце па колькасці суіцыдаў, трэцяе – па абортах, другое – па разводах. Сапраўды,
гэтыя лічбы мы сустракаем у СМІ, тэмы закранаем на прэс-канферэнцыях, але вельмі рэдка
пытанні ставяцца публічна ў нацыянальным маштабе. Св. Імшу ў інтэнцыі абароны жыцця
ў мінскай архікатэдры ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
Жыццё было даверана чалавеку як неацэнны скарб, якога яму нельга змарнаваць. Праўда
аб непарушальнасці жыцця ўпісана ў сэрца чалавека і ў яго сумленне, і чалавек павінен
даць справаздачу перад Богам, як ён распараджаўся неацэнным скарбам жыцця, адзначыў
іерарх у гаміліі. Абараняць хрысціянскія каштоўнасці, гэта абавязак вернікаў і адзін
са спосабаў новай евангелізацыі. Такое паняцце як жыццё – з моманту зачацця і да моманту
натуральнай смерці – фундаментальнае для ўсіх хрысціян, і гэтая пазіцыя аб’ядноўвае
прадстаўнікоў розных канфесій.
“Ужо шмат было такіх праектаў – у справе дабрачыннасці,
у барацьбе са СНІДам. Але можа не ўсе ведаюць, што менавіта зварот Праваслаўнай Царквы
і Каталіцкага Касцёла, а таксама грамадскіх арганізацый, да органаў дзяржаўнай улады
дапамог у тым, што колькасць сацыяльных паказанняў для аборта ў Беларусі былі скарочаны
з 12 да 3. Гэта таксама сумесная акцыя, якая ўдалася, я лічу, толькі таму, што мы
былі разам”, - сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч Ватыканскаму радыё.
Яшчэ раз
сумесна выступіць супраць абортаў не атрымалася. Марш стаў бы для Беларусі беспрэцэдэнтнай
падзеяй. Хоць у свеце традыцыя такіх шэсцяў існуе даўно. А 2013 год увогуле прайшоў
пад знакам абароны жыцця – у студзені ў ЗША такая акцыя сабрала больш за паўмільёна
чалавек, у маі ў Канадзе – каля 25 тыс. асоб паднялі праблему селектыўных абортаў
(калі забіваецца дзіця вызначанага полу), у жніўні ўдзельнікі маршу ў Коста-Рыцы выступілі
супраць абортаў і зачацця ў прабірцы, у Ірландыі праціўнікі закона аб легалізацыі
абортаў некалькі разоў збіралі шматтысячныя пратэсты. Для Беларусі марш стаў бы гістарычнай
падзеяй пасля таго, як у пачатку 20-х гадоў прошлага стагоддзя ў СССР ўпершыню былі
ўзаконены аборты, дзе з таго часу былі забіты больш за 270 млн. ненароджаных дзяцей.
І гэта сітуацыя за 80 гадоў набыла незваротныя наступствы, паведаміла Таццяна Тарасевіч,
прадстаўнік руху “Пралайф” Беларусь.
“Сёння нават па дадзеных афіцыйнай статыстыкі
Міністэрства аховы здароўя Беларусі ў краіне кожны дзень забіваецца каля ста нанароджаных
дзяцей праз аборты па рашэнні бацькоў. Гэта недапушчальна! Трэба сведчыць аб фундаментальным
праве на жыццё – гэта права нумар адзін, якое замацавана ва ўсіх міжнародных канвенцыях.
У Канвенцыі аб правах дзіцяці напісана, што яно ў сілу сваёй фізічнай і разумовай
асаблівасці мае права на абарону, як да нараджэння, так і пасля. Рэлігія кажа, што
жыццё дзіцяці – бясцэннае. Такім чынам, сітуацыя у нашай краіне не адпавядае ніякім
нормам цівілізаванага грамадства”, - заявіла Таццянана Тарасевіч ў інтэрв’ю для Ватыканскага
радыё.
Арганізатарамі марша выступалі Брэсцкае моладзевае грамадскае аб’яднанне
“У абарону жыцця і сямейных каштоўнасцяў”, дабрачынны фонд “Адкрытыя сэрцы”, а таксама
грамадскае дабрачыннае аб’яднанне “Цэнтр падтрымкі сям’і і мацярынства “Матуля”.
Да ўдзелу запрашаліся ўсе, хто неабыякавы да праблемы – кожны голас важны.
Напрыканцы
св. Імшы ў мінскай архікатэдры арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прамовіў словы, якія
павінны былі прагучаць напрыканцы марша. Прычынамі крызісу дэмаграфічнай сітуацыі
не могуць быць толькі заканадаўства або матэрыяльнае становішча. Апраўдання забойству
няма – практыка абортаў, эўтаназія і смяротнае пакаранне супярэчаць Божаму праву.
Мітрапаліт заклікаў бараніць жыццё ўсімі сіламі і далей. Нягледзячы на тое, што марш
не адбыўся, прадстаўнікі рэлігійных і грамадскіх арганізацый спадзяюцца, што ўсё ж
сумныя лічбы статыстыкі і міжнародны вопыт паўплывае як на змены ў беларускім заканадаўстве,
так і на паступовы пералом у “забойчай” практыцы, наступствы якой пажынае не адно
пакаленне. Аборт знішчае дзяця, атручвае ўсё жыццё жанчыны, скажае сумленне ўрача
і ўсіх, хто ўдельнічаў і ведае аб ім, або даў на забойства сваю маўклівую згоду.