2013-09-23 10:23:28

Папа да моладзі: святымі не нараджаюцца, а становяцца давяраючы Богу


RealAudioMP3 Каля 100 тыс. юнакоў і дзяўчат сабраліся на сустрэчу з папам Францішкам на плошчы Карла Фелікса ў Кальяры вечарам 22 верасня. Гэта падзея стала заключнай у рамках візіта Пантыфіка на Сардзінію. Падчас яе, Папа паразважаў над евангельскім фрагментам пра цудоўную лоўлю рыбы, калі вучні “выплыўшы на глыбіню” і “закінуўшы сеці” на слова Пана, выцягнулі вялікую колькасць рыбы, нягледзячы на тое, што да гэтага рыбачылі ўсё ноч, стаміліся і амаль нічога не злавілі. Пантыфік адзначыў, што многія ў жыцці сустракаліся з пабоднымі “момантамі няўдач”: да іх адносяцца марныя намаганні, песімізм і смутак. Але перад абліччам такой рэальнасці неабходна заставацца людзьмі з моцнай надзеяй. “Вы моладзь не можаце і не павінны быць без надзеі. Надзея з’яўляецца часткай вашага быцця! Малады чалавек без надзеі – не малады, а вельмі хутка пастарэўшы!”, - сказаў Папа.

“Калі малады чалавек не мае радасці, не адчувае даверу да жыцця, губляе надзею, куды пойдзе, каб знайсці спакой, немнога міра? Без давера, без надзеі, без радасці? Вы ведаеце, гэтых гандляроў смерцю, тых, якія гандлююць смерцю, прапануюць вам шлях, калі вы смутныя, без надзеі, без даверу, без адвагі. Калі ласка, не прадавайце сваю маладосць гандлярам смерцю. Вы разумееце, пра што я кажу! Усе вы разумееце: не прадавайце!”, - заклікаў Папа.

Вяртаючыся да евангельскага апавядання, Францішак адзначыў, што св. Пётр, перад абліччам “няўдачы” не апусціў рукі, але “выйшаў па-за самаго сябе і вырашыў даверыцца Богу”. Сказаў: “добра, на Тваё слова закіну сеткі”, у выніку чаго выцягнуў вялікую колькасць рыбы. “Давяраць Богу. І калі я кажу гэта, хачу быць шчырым і сказаць вам: я не прыбыў сюды, каб прадаваць вам ілюзію. Я прыбыў, каб сказаць: ёсць Асоба, якая можа вас весці наперад: давярайце Ёй. Гэта Езус!”, - сказаў Святы Айцец. Ён заклікаў моладзь паступаць так, асабліва перад абліччам жыццёвых цяжкасцяў і няўдачаў: на падабенства св. Пятра, выходзіць па-за саміх сябе і адкрывацца на Бога, каб заўсёды больш адкрывацца на сваіх братоў.

Францішак нагадаў, што таксама і сучасная моладзь паклікана станавіцца “лаўцамі людзей”. “Не саромейцеся прысвяціць сваё жыццё радаснаму сведчанню Евангелля, асабліва перад вашымі аднагодкамі”, - заахвоціў Папа. Ён заклікаў браць прыклад з шматлікіх святых і сказаў: святыя не нарадзіліся дасканалымі, ужо святымі. Яны сталі такімі, таму што, як Сымон Пётр, давяралі слову Пана і плылі на глыбіню”.








All the contents on this site are copyrighted ©.