2013-09-24 12:36:00

Папа заклікаў паглядзець на міграцыю па-новаму


RealAudioMP3 Святы Айцец скіраваў 24 верасня 2013 г. пасланне на Дзень мігранта і бежанца. Ён будзе адзначацца праз некалькі месяцаў – 19 студзеня 2014 г. Францішак назваў “знакам часу” працэсы міграцыі, існуючыя сёння ў глабальным маштабе і “накіраваныя на паляпшэнне ўмоў жыцця чалавечай сям’і” у эканамічным, палітычным і культурным плане; яны дэманструюць імкненне чалавецтва “жыць у адзінстве з павагай да адрозненняў”, адкрытасць і гасціннасць, якія дазваляюць справядліва размяркоўваць каштоўнасці планеты, захаванне і ўмацаванне годнасці і цэнтральнага месца кожнага чалавека. Аднак, у з’яве міграцыі, адзначыў папа Францішак, прысутнічае і “таямніца граху”: “дыскрымінацыя, эксплуатацыя, боль і смерць”, якія праяўляюцца ў розных формах гандлю людзьмі і нявольніцтва, што кантрастуе з імкненнем мігрантаў да лепшай будучыні “не толькі для сябе, але і для сваіх сем’яў і блізкіх”.

Заклік да стварэння “лепшага свету” для Пантыфіка, не проста абстрактнае паняцце або нешта недасягальнае. У сваім Пасланні ён назваў канкрэтныя мэты, якія стаяць перад чалавецтвам: вызваліцца ад галечы , забеспячыць кожнага сродкамі да існавання, даць доступ да сферы аховы здароўя і магчымасць да працы, вызваліцца ад прыгнёту і абразы гонару і годнасці чалавека, зрабіць даступнай адукацыю.

Эканамічны рост дасягаецца часта без уліку найбольш уразлівых і безабаронных, сцвердзіў з жалем Святы Айцец. “Свет можа стаць лепшым толькі тады, калі асноўная ўвага засяроджана на асобе”, - напісаў ён, і дадаў, што гаворка ідзе перш за ўсё пра бедных, хворых, зняволеных, патрабуючых. Папа чарговы раз запрасіў “перайсці ад культуры адчужэння да культуры сустрэчы і гасціннасці”.

“Мігранты і бежанцы не з’яўляюцца пешкамі на шахматнай дошцы чалавецтва, - падкрэсліў Пантыфік - гэта дзеці, жанчыны і мужчыны , якія пакідаюць або вымушаны пакінуць свае дамы па розных прычынах, якія маюць тое ж законнае жаданне больш умець, больш мець, але, перш за ўсё, больш быць”. “Міграцыйная актыўнасць сёння з’яўляюцца найбуйнейшым за ўсю гісторыю гэтай з’явы перамяшчэннем людзей, калі не народаў”, - звярнуў увагу Францішак і дадаў, што менавіта таму Касцёл імкнецца зразумець асноўныя прычыны міграцыі, каб пераадолець яе негатыўныя наступствы і паказаць яе станоўчыя эфекты для супольнасцяў.

Папа заклікаў падысці да працэсу міграцыі па-новаму, справядліва і эфектыўна, што патрабуе, перш за ўсё, духа міжнароднага супрацоўніцтва і глыбокай салідарнасці і спагады. Ён запрасіў знішчыць забабоны адносна мігрантаў, які часта выклікаюць у мясцовых супольнасцях падазрэнні і варожасць. І тут сваю станоўчыю ролю, паводле Пантыфіка, могуць адыграць сродкі масавай інфармацыі: яны павінны ламаць стэрэатыпы і даваць праўдзівую інфармацыю.

Францішак нагадаў, што вартасць чалавека вымяраецца не крытэрыямі эфектыўнасці, сацыяльнага статусу, этнічнай ці рэлігійнай прыналежнасці, а тым, што ён створаны на вобраз і падабенства Божае. Таму міграцыя, заўважыў Святы Айцец – гэта магчымасць для новай евангелізацыі, адкрыцця прасторы для развіцця новага чалавецтва, абвешчанага ў пасхальнай таямніцы, чалавецтва, для якога кожная чужая зямля – гэта Бацькаўшчына, а кожная Бацькаўшчына – чужына. Папа заклікаў мігрантаў і бежанцаў не губляць надзеі і запэўніў у сваёй малітве.







All the contents on this site are copyrighted ©.