Пантыфік стварыў новы орган у структуры кіравання Касцёлам
Папа Францішак 30
верасня 2013 г. стварыў Раду кардыналаў для дапамогі Святому Айцу ў кіраванні Паўсюдным
Касцёлам і вывучэнні праекту перагляду Апостальскай канстытуцыі “Pastor Bonus” адносна
Рымскай курыі. Рашэнне стала вынікам “прапаноў, выказаных у ходзе агульных кангрэгацый
кардыналаў перад канклавам”, якія палягалі на стварэнні “невялікай групы членаў епіскапату
з розных частак свету, з якімі Святы Айцец мог бы кансультавацца, індывідуальна або
калектыўна, па канкрэтных пытаннях”. У спецыяльным хірографе з нагоды заснавання Рады,
падпісаным 28 верасня 2013 г., Святы Айцец адзначыў, што пасля абрання ў яго паўставалі
“частыя нагоды задумацца на гэту тэму, лічачы, што такая ініцыятыва была б значнай
дапамогай ў ажыццяўленні пастырскага служэння Наступніка св. Пятра”. Як прызнаўся
папа Францішак, менавіта гэта стала прычынай абвяшчэння 13 красавіка 2013 г. аб стварэнні
спецыяльнай кардынальскай групы з 8 чалавек. “Зараз, пасля доўгага роздуму, я лічу
адпаведным, каб гэта група, праз дадзены хірограф, была абвешчана “Радай кардыналаў”,
задачай якой з’яўляецца дапамога мне ў кіраванні Паўсюдным Касцёлам і вывучэнне праекту
перагляду Апостальскай канстытуцыі “Pastor Bonus” адносна Рымскай курыі.
Пантыфік
паведаміў, што ў склад Рады ўвайшлі тыя ж 8 кардыналаў, але колькасць членаў у будучым
можа змяняцца. Францішак напісаў, што яго рашэнне падыктавана жаданнем узмоцніць камунію
з біскупамі.
Трэба адзначыць беспрэцэдэнтнасць рашэння Святога Айца, паколькі
Рада кардыналаў стала па сваіх заданнях і мэтах абсалютна новым органам у структуры
кіравання Каталіцкім Касцёлам, уносячым у яе новую логіку.